Без расейскага газу і нафты. Як будуць жыць палякі?

Польшча загадзя рыхтавалася і ўклала мільярды ў сваю нафтагазавую інфраструктуру. Нястачы сыравіны не будзе. Расея перакрыла пастаўкі газу ў Польшчу яшчэ 27 красавіка, бо Варшава, натуральна, адмовілася плаціць за расейскі газ у рублях. Падпісаны яшчэ ў 1996 годзе Ямальскі кантракт меўся скончыцца 31 снежня 2022 года. Яшчэ некалькі гадоў таму Польшча папярэджвала, што не будзе яго падаўжаць. Кантракт прадугледжваў імпарт 10 млрд м³ газу на год (Польшча спажывае каля 20 млрд м³ газу). Аднак катастрофы не адбылося. Цягам некалькіх апошніх тыдняў польскія газасховішчы не апусцелі. Наадварот, яны запоўненыя больш чым на 80 % і штодня колькасць газу павялічваецца. Якім чынам?

Газапорт у Сьвінауйсьці, Польшча. 2 траўня 2022 г.
Фота: Dariusz Gorajski / Forum

Уласны газ Польшчы – гэта каля 3,7 млрд м³ на год. Частка газу прыходзіць сюды з Нямеччыны, якая яшчэ набывае расейскі газ, але мяняе свой падыход да Крамля (сёння немцы купляюць 35 % патрэбнай сыравіны ў Расеі, а ў 2021 годзе набывалі 55 %). Польшча інвеставала мільярды долараў у сваю газавую інфраструктуру, каб дыверсіфікаваць пастаўкі. Развіваецца газапорт у Сьвінауйсьці, што дзейнічае з 2016 года. Дзякуючы яму Польшча набывае звадкаваны прыродны газ пераважна з Катару, ЗША і Нарвегіі. Але галоўны стратэгічны газавы праект Польшчы – гэта, безумоўна, «Baltic Pipe», які злучае польскую газавую сістэму праз Балтыйскае мора, Данію, з Нарвегіяй. Праект мусіў быць гатовы да канца 2022 ці на пачатку 2023 года. Тэхнічна ён дазволіць набываць у Нарвегіі 10 млрд м³ газу на год (столькі прадугледжваў Ямальскі кантракт з РФ). Але магчымасці нарвежскай газавай прамысловасці абмежаваныя, таму Польшча таксама дабудоўвае газаправод, што злучае краіну са Славаччынаю, а дзякуючы гэтаму зможа імпартаваць сыравіну з поўдню Еўропы (праз Славаччыну, Вугоршчыну, Румынію, Грэцыю) ажно з Міжземнага мора. А 1 траўня Польшча і Літва ўрачыста запусцілі новы 500-кіламетравы газаправод, дзякуючы якому Польшча атрымала доступ да газавага тэрміналу ў Клайпедзе. Калі замежныя экспартавальнікі блакітнай сыравіны не падвядуць, нястачы газу ў Польшчы не будзе.

Колькі будзе каштаваць?

Для прыватных спажыўцоў цану рэгулюе дзяржава, яна расце, але не крытычна. Сёння за дом, што спажывае на год каля 1800 м³ газу, трэба заплаціць каля 6200 злотых (каля 520 злотых на месяц / 400 рублёў). Сем’ям з нізкім даходам частку рахунку пакрывае дзяржава. У значна большай ступені газавыя цэны адчулі польскія фірмы (цана павялічылася ў некалькі разоў), а гэта ў тым ліку паўплывала на рост цэнаў у крамах і інфляцыю (у красавіку 12,3 %). Нафты ж Польшча імпартуе каля 21 млн тон за год. Летась больш за 63 % сыравіны паходзіла з РФ. Некалькі дзён таму Еўразвяз заявіў, што наступны, шосты пакет санкцыяў будзе азначаць эмбарга на расейскую нафту. Чым яе заменіць Варшава?

Прэсавая канферэнцыя прэм’ера Польшчы Матэвуша Маравецкага ў справе забеспячэння краіны вуглевадародамі. 27 красавіка 2022 г.
Фота: Adam Chelstowski / Forum

Тэхнічна нафтавы порт у Гданьску можа цалкам замяніць «Дружбу». Пытанне – адкуль браць нафту? Галоўныя кірункі – Паўночнае мора (тая ж Нарвегія), заходняя Афрыка, ЗША і Саудаўская Аравія. Але калі заходні свет дамовіцца з Іранам і Венесуэлай, здымуць санкцыі і дапусцяць таксама іх да рынку, паменшыцца і цана сыравіны, што апошнія месяцы зазнае моцную турбулентнасць. Пасля расейскай агрэсіі ва Украіне ў Польшчы падаражэла паліва. На пачатку лютага бензін (95) каштаваў каля 5,2 злотых, падобная цана была на дызель, газ (LPG) каштаваў 2,8 злотых. Сёння цана бензіну (95) – 6,6–6,8 злотых (5,2 рублёў), дызелю – 7,4–7,6 (5,8 рублёў), газу (LPG) – 3,7–3,9 (3 рублі). Аналітыкі кажуць, што гэта яшчэ не канец, цэны будуць расці. Але даследаванні паказваюць, што палякі гатовыя плаціць больш і ашчаджаць, абы не купляць энерганосьбітаў з Расеі. Нядаўна польскі інстытут даследаванняў «Pollster» запытаў палякаў: «Ці ўрад мусіць перастаць купляць газ і вугаль з Расеі, нават калі гэта прывядзе да росту цаны?». Ажно 83 % адказалі станоўча. Толькі 17 % рэспандэнтаў выказалі думку, што трэба далей набываць газ ды іншую сыравіну ў Расеі, каб не дапусціць павелічэння цэнаў у Польшчы.

Меркаванні
Польскі тыл Украіны
2022.03.06 15:06

Руслан Шошын, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў