Святлана Ціханоўская выступіла на канферэнцыі Сейму Літвы


Сёння, 7 траўня, Святлана Ціханоўская выступіла на канферэнцыі Сейму Літоўскай Рэспублікі, прысвечанай свабодзе слова пры аўтарытарызме ў Беларусі.

На канферэнцыі абмяркоўваліся правы чалавека, свабода масавай інфармацыі і будучыня Беларусі. Сярод удзельнікаў былі еўрапейскія палітыкі ды эксперты, прадстаўнікі АБСЕ і розных НДА, беларускія і замежныя журналісты.

Святлана Ціханоўская выступае на канферэнцыі Сейму Літвы 7 траўня 2021 года.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

На канферэнцыі Святлана Ціханоўская распавяла, што роўна год таму, 7 траўня 2020 года, ейны муж, блогер Сяргей Ціханоўскі абвясціў пра сваё рашэнне балатавацца ў прэзідэнты Беларусі. Яна падкрэсліла, што відэа Ціханоўскага аб праблемах беларусаў зрабілі вялікі мабілізацыйны эфект, тысячы беларусаў пачалі падтрымліваць спачатку Сяргея, а потым і яе.

Ціханоўская падкрэсліла, што гэтая гісторыя даказвае сілу СМІ: «За апошні год беларусы сталі аддаваць перавагу разнастайным і прафесійным медыям замест дзяржаўнай прапаганды».

«Калі рэжым нарэшце зразумеў гэта, адзінае, што ён мог зрабіць, – пачаць помсціць незалежным журналістам. Беларусь стала самаю небяспечнаю краінай у Еўропе для журналістаў: тут яны могуць быць аштрафаваныя, арыштаваныя, збітыя, у іх страляюць пры выкананні сваёй працы», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Таксама яна назвала зняволеных з палітычных матываў: актывіста Мікалая Дзядка, журналістак Кацярыну Андрэеву, Дар’ю Чульцову Кацярыну Барысевіч і блогера Ігара Лосіка.

Ціханоўская адзначыла, што беларускія журналісты нават у такіх умовах працягваюць працаваць без страты якасці, а масавая медыяінфраструктура працягвае развівацца, у тым ліку праз Telegram і самвыдат па ўсёй краіне.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў