Пакуль суддзя чытаў кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя», мінуў час, калі падсуднага можна было пакараць


Суд у справе захоўвання кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» супраць Ягора Старавойтава спынілі праз завяршэнне тэрміну прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці, піша «Еўрарадыё». Гэты тэрмін складае два месяцы.

Кніга «Беларуская нацыянальная ідэя».
Фота: symbal.by

Мінулае паседжанне ў справе адбылася 9 красавіка, тады суддзя Віктар Шаўцоў узяў перапынак і заявіў, што пачытае кнігу, каб скласці ўражанне пра яе змест, паведамляла тады «Еўрарадыё».

Ягор Старавойтаў расказваў, што купіў кнігу ў краме «Акадэмкніга» ў снежні 2020 года. Кнігу ў яго сканфіскавала міліцыя падчас ператрусу 11 лютага. Прытым толькі 4 сакавіка адмысловая камісія пастанавіла, што ў кнізе ёсць «прыкметы праяваў экстрэмізму», але гэтае рашэнне не было раўназначным прызнанню кнігі «экстрэмісцкім матэрыялам». Пра суд, які прызнаў бы кнігу такою, не паведамлялася, у афіцыйным спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў яе на сёння няма. Кнігу працягваюць прадаваць у электронным выглядзе.

Hавiны
У кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя» знайшлі «прыкметы праяўлення экстрэмізму»
2021.03.31 19:34

Адвакат падсуднага адзначаў, што кніга прадавалася ў агульнадаступным месцы, таму Старавойтаў не мог меркаваць, што яна ўтрымлівае «прыкметы праяваў экстрэмізму». Таксама адвакат адзначаў, што прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці паводле арт. 19.11 КаАП РБ можна за захоўванне з мэтаю распаўсюду, а ў пратаколе міліцыянтаў нічога не гаварылася пра распаўсюд.

Кніга «Беларуская нацыянальная ідэя» выйшла з друку ў 2020 годзе. Яна складаецца з гутарак у праграме «Ідэя Х» на «Еўрарадыё», якія Зміцер Лукашук і Максім Гаруноў вялі з вядомымі беларусамі (прадстаўнікамі творчай эліты, філосафамі, палітыкамі, грамадскімі дзеячамі). Агулам у кнізе 85 інтэрв’ю. Лукашук і Гаруноў спрабавалі высветліць, якая ў беларусаў нацыянальная ідэя і ці ёсць яна ўвогуле.

Hавiны
Ігар Ільяш: Сцверджанне, што ў кнізе «Беларускі Данбас» ёсць «прыкметы экстрэмізму», – гэта поўнае трызненне
2021.03.26 19:11

26 сакавіка суд Кастрычніцкага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкаю кнігу журналістаў «Белсату» Кацярыны Андрэевай ды Ігара Ільяша «Беларускі Данбас».

Цяпер на экстрэмізм правяраюць раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы»: правяранне мусілі завершыць да 6 траўня, аднак, як піша выдавецтва «Янушкевіч», працягнулі яшчэ на 20 дзён. Раман на 682 старонках апавядае шэсць пераплеценых гісторыяў пра вёску Белыя Росы 13, Расейскі Райх, астраўную краіну Крыўю, труп у берлінскім гатэлі ў 2049 годзе і фантастычную мову бальбута.

АА belsat.eu

Стужка навінаў