Народная майстрыца: «Выцінанка – гэта тая з’ява, якую беларусы самі ў сабе ўзрасцілі»


Майстрыца выцінанкі Вольга Бабурына ўдома. Маладзечна, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Міністэрства культуры Беларусі пастанавіла надаць беларускай выцінанцы статус гістарычна-культурнай каштоўнасці.

Народная майстрыца, загадчыца секцыі выцінанкі Беларускага саюзу майстроў народнай творчасці, сябра міжнароднага клубу «Бумажные традиции» (Расея) і сябра Guild of American Papercutters (ЗША) Вольга Бабурына распавяла нам, чаму і як беларуская выцінанка мае развівацца і ў чым яе каштоўнасць.

Што такое выцінанка?

Майстрыца адзначыла, што выцінанка – гэта значна больш, чым проста ажурны ўзор, выразаны з паперы: «Калі паглядзець працы майстроў і мастакоў, то мы заўважым: па-за прыгожым узорам ёсць яшчэ і глыбокі перададзены сэнс. У беларускай выцінанцы выкарыстоўваецца шмат сімвалаў беларускай традыцыі: з вуснага фальклору, вышыўкі, ткацтва, маляванкі – увесь гэты сінкрэтызм мыслення беларускай традыцыі прысутнічае і цяпер».

Адна з працаў Вольгі Бабурынай. Маладзечна, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат
Маладзечна, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат
Маладзечна, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Вольга Бабурына распавяла, што сёння мастакі адчуваюць і пераасэнсоўваюць наваколле і падзеі, таму выцінанка – гэта больш станковае мастацтва, чым утылітарнае: «Хаця ў нас ёсць і майстры, якія падтрымліваюць дэкаратыўную функцыю, робяць каруначкі, сурвэткі ды іншае».

Тышорткі з прынтамі на матывы выцінанкі Вольга лічыць добрым развіццём традыцыі: «Выцінанка ў тым выглядзе, якой яна была сто гадоў таму, у цяперашніх умовах не выжыве. Раней папяровыя фіранкі на вокны рабілі ад нястачы. А цяпер калі ў горадзе кожны месяц-два мыць вокны, то гэта будзе раскоша. Не кожны чалавек зробіць гэта прыгожа, а калі звяртацца да мастака, то атрымаецца доўга і будзе каштаваць нават болей, чым звычайныя фіранкі набыць».

Майстрыца Вольга Бабурына паказвае, як рабіліся выцінанкі нажніцамі для стрыжкі авечак. Маладзечна, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Карані выцінанкі ў Беларусі

Экспертка распавяла, што ў Беларусі было шмат напрамкаў выцінанкі, якіх дагэтуль не даследавалі. А некаторыя з іх маглі б быць карыснымі і цяпер: «Найбольш старажытная форма папяровага выразання адносіцца да XVI стагоддзя. Тады рабілі кустодыі – гэта ажурныя папяровыя выразкі недзе 18 на 20 сантыметраў. Магла быць нейкая гербавая выява ці проста ўзоры. Гэта была ахова для сургучнай ці васковай пячаткі – каб зняць пячатку, трэба было парваць кустодыю.

Магнаты мелі адмысловага чалавека, які пісаў граматы і выразаў кустодыі. Яны былі і сціплыя, а былі і сапраўдныя творы мастацтва. І ў нас у Беларусі гэта было пашырана, але цяпер тэма не даследаваная. А гэтую тэму можна развіваць. Я лічу, што прыдумаць, як сёння выкарыстоўваць кустодыю, мажліва».

Маладзечна, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Яшчэ адзін амаль забыты кірунак папяровага мастацтва – сілуэтнае выразанне. Яно было больш уласцівае шляхцянкам. Яны рабілі гэткія выразкі і ўпрыгожвалі імі свае альбомы.

Трэці напрамак зусім не звычайны: «У нас жа праходзіла мяжа габрэйскай аселасці. І ў мястэчках было шмат жыдоўскага насельніцтва. А ў іх была традыцыя рэйзэле – з паперы выразаліся адмысловыя абрамленні, напрыклад, для шлюбнае дамовы. Тут ёсць свае каноны, свая тэматыка. У народ нічога з гэтага пазней не перайшло».

Рэйзэле даследуюць у Польшчы, а кустодыямі займаюцца ва Украіне. У нас жа пакуль тут застаецца белая пляма.

Маладзечна, Беларусь.5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Калі ў Беларусі з’явіліся папяровыя мануфактуры і самая папера зрабілася больш дасяжнаю, пачаўся росквіт выцінанкі. «Гаспадар ці гаспадыня пачалі пераносіць свой досвед на працу з новым матэрыялам. Часам выкарыстоўвалі нават нажніцы для стрыжкі авечак. У мяне нават такія ёсць. А людзі нават майго ўзросту не ведаюць, што гэта. Хаця я ў дзяцінстве такімі карысталася па прызначэнні», – распавяла майстрыца.

Маладзечна, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат
Маладзечна, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Традыцыя выцінанкі пашыралася пачынаючы з ХІХ стагоддзя, у міжваенныя гады і зведала ўсплёск пасля Другой сусветнай. «Рабілі з той паперы, якая была. Нават з газеты выразалі, з жоўтай паперы, з каляровай. Сястра маёй бабулі выкарыстоўвала гільзы ад куляў рознага калібру і выбівала кружочкамі рознага памеру малюнкі», – згадвае расповеды маці Вольга Бабурына.

Яна самая памятае, як выцінанкаю бабуля ўпрыгожвала драўляныя вазоны ў хаце, а ейная маці да кожнага свята рабіла ажурныя папяровыя карункі для абразоў. І гэта была распасюўджаная практыка.

Статус каштоўнасці

Вольга Бабурына была сярод майстрыц, якія прэзентавалі выцінанку на нарадзе ў Міністэрстве культуры, каб тое пагадзілася надаць гэтаму кірунку мастацтва статус культурнае каштоўнасці.

Маладзечна, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Цягам двух гадоў збіраліся матэрыялы, каб паўнавартасна прадставіць выцінанку, як артэфакт нашай традыцыйнай культуры. Была сабраная інфармацыя па майстрах з усіх рэгіёнаў. Тры майстры зрабілі міні-выставу і абаранялі выцінанку. Адзінагалосна было прынятае рашэнне аб наданні статусу, бо гэта ўжо даўно павінна было быць», – згадвае экспертка.

Рыхтаванне дакументаў для надання статусу можа заняць некалькі месяцаў. Наступным крокам можна рэгістраваць выцінанку як унікальную з’яву культуры ў ЮНЭСКО.

«Цяпер ад нас залежыць, як мы зможам выкарыстаць гэты статус выцінанкі, як зможам развіць гэты від мастацтва. Бо ў нас ёсць такая рыса – нібы там недзе ўсё лепей, а нашае – не такое добрае. І модныя тэндэнцыі да нас прыходзяць з-за мяжы. А выцінанка – гэта тая з’ява, якую беларусы самі ў сабе ацанілі і ўзрасцілі. Бо на маіх вачах адбыўся гэты рост зацікаўленасці», – адзначыла майстрыца.

1000 анёлаў для Беларусі

Жывая цікавасць людзей да выцінанкі яскрава выявілася, калі Вольга Бабурына прыдумала флэш-моб, а той пачаў жыць сваім жыццём.

Вольга Бабурына паказвае выцінанку з акцыі «1000 анёлаў для Беларусі». Маладзечна, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Гэта не было нейкай задумай ці праектам. Быў проста імпульс, калі я пабачыла, што па Партызанскім праспекце калона развярнулася ў іншы бок. Не было нікога з мегафонам, хто б казаў «паварочвайце», «кругом». Я адчула, што гэтая барацьба адбываецца не толькі на чалавечым узроўні, а яшчэ недзе вышэй. І яна адчуваецца і цяпер, – тлумачыць Вольга. – Трэба даць працэсам адбыцца, не ўсё адбываецца так хутка, як нам бы хацелася. Але перажыць гэтыя працэсы бывае вельмі цяжка. І я вырашыла выразаць 1000 анёлаў кожны дзень, колькі змагу. Напісала пра гэта ў «Фэйсбуку», што за тры гады да перамогі дам рады.

Мне пачалі пісаць, што людзі не згодныя столькі чакаць і будуць дапамагаць».

Вольга Бабурына паказвае выцінанку з акцыі «1000 анёлаў для Беларусі». Маладзечна, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Вользе пачалі дасылаць анёлаў не толькі з Беларусі, але з 24 краінаў – ад Японіі да Бразіліі. 1000 анёлаў сабралі за чатыры з паловаю месяцы.

Маладзечна, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Людзі сталі прапаноўваць нешта, прысвячаць анёлаў, дасылаць іх у лістах палітвязням. Сталі прасіць варштаты онлайнавыя. Адна жанчына пісала сыну лісты кожны дзень і ўкладала анёлаў. Яна потым сказала, што ўсе лісты з анёламі даходзілі. А сын потым перадасылаў гэтых анёлаў далей, іншым людзям. Пачалося сваё жыццё», – распавяла майстрыца.

«Гэта якраз пра тое, што беларусы самі ў сабе знайшлі каштоўнасці, за якія могуць сябе паважаць», – абагульніла экспертка.

Пачынаць выцінаць можна ў любым узросце

«У маёй дачкі ў паўтара года былі нажніцы ў вольным дасягу. Я купляла нашыя магілёўскія нажнічкі з круглымі кончыкамі, і яна імі нешта рэзала. У паўтара года ўжо можна пачынаць», – згадвае Вольга Бабурына. Яна прызнаецца, што ў самой нажніцаў больш, чым у якой жанчыны – памадаў.

Маладзечна, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Я варштаты праводзіла для дарослых людзей, якія зусім не ўмелі маляваць ці выразаць. Я тлумачу нейкія базавыя аснову на шэрагу сустрэч. І я бачу, як за некалькі сустрэч у людзей атрымліваюцца шэдэўры. Гэта рэальна. Усё залежыць ад нашай зацікаўленасці», – адзначыла майстрыца.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў