Мажэйка пра «справу аб карціне Пушкіна»: «Адчуваю, што набірае абароты»


Кіраўнік Цэнтру гарадскога жыцця і журналіст Белсату Павел Мажэйка пасля 3 содняў арышту. Горадня, Беларусь. 29 сакавіка 2021 года. Фота: Белсат

Гарадзенскага журналіста Паўла Мажэйку, заснавальніка культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця», 7 траўня выклікалі ва ўпраўленне Следчага камітэту ў Менску. Ён прабыў там некалькі гадзінаў.

Журналіст Павел Мажэйка. Горадня, Беларусь. 29 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

«Маю адчуванне, што справа набірае размах, – сказаў ён «Белсату». – Статус наш не змяніўся: я падазраваны ў справе, Алесь Пушкін застаецца за кратамі».

Павел Мажэйка знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Вядзе справу Галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарату следчага камітэту РБ. Мажэйка сцвярджае, што ніякіх следчых дзеянняў не праводзілася.

Перад паходам да следчых Мажэйка казаў: спадзяваўся пачуць, «што ўсе прэтэнзіі да яго і Алеся Пушкіна знятыя, справу закрываюць з прычыны адсутнасці складу злачынства, а Алеся ўрэшце адпусцяць на волю, да сям’і і творчасці».

Справу супраць яго і мастака Алеся Пушкіна распачалі 30 сакавіка.

Артыкулы
Два дні з жыцця Алеся Пушкіна ў гарадзенскай турме. «На сняданак нам далі па адным фарбаваным у шалупінні яйку»
2021.04.29 13:33

У «Цэнтры гарадскога жыцця» 19 сакавіка адкрылася выстава Пушкіна, дзе творца прэзентаваў праект роспісаў гарадзенскага Старога замку, а таксама шэраг уласных працаў розных гадоў. Пракуратура палічыла, што экспазіцыя адной з карцінаў, а менавіта партрэта пасляваеннага антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, парушае існае заканадаўства – ч. 3 арт. 130 Крымінальнага Кодэксу («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні, здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму»).

Мажэйку і Пушкіну за выстаўленую карціну пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Мажэйку затрымалі пасля допыту 26 сакавіка, але 29 сакавіка ён выйшаў на волю з фармулёўкаю «зніклі падставы для ўтрымання пад вартаю». Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка на рэстаўрацыі палацу ў Магілёўскай вобласці і канваявалі ў гарадзенскую турму – ён застаецца ў няволі, 28 красавіка этапавалі ў менскае СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Гісторыі
«Такое не знішчыць. Гэта назаўжды». Чым увайшоў у гісторыю Горадні Цэнтр гарадскога жыцця
2021.04.23 08:00

На 12 траўня ў Горадні запланавалі паседжанне Эканамічнага суда па Гарадзеншчыне аб спыненні дзейнасці Цэнтру гарадскога жыцця. З такім патрабаваннем выступіла пракуратура Горадні, спасылаючыся на «карціну падпольшчыка», экспануючы якую, Цэнтр нібыта парушыў заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

У абарону Цэнтру гарадскога жыцця з адкрытым зваротам выступілі жыхары Горадні ды іншых гарадоў Беларусі. На сёння свой подпіс пад зваротам паставілі 1150 асобаў.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў