Гарадзенскага журналіста Паўла Мажэйку выклікалі ва ўпраўленне Следчага камітэту ў Менску


Сёння, 7 траўня, ва ўпраўленне Следчага камітэту па Менску выклікалі заснавальніка культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця», гарадзенскага журналісту Паўла Мажэйку.

У чым неабходнасць візіту ў следчыя органы, Павал дакладна не ведае, але спадзяецца пачуць ад следчых пра закрыццё крымінальнай справы супраць яго і мастака Алеся Пушкіна.

Журналіст Павел Мажэйка. Горадня, Беларусь. 29 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

«Справу карціны падпольшчыка» супраць Паўла Мажэйкі і Алеся Пушкіна распачаў 30 сакавіка 2021 года пракурор Горадні Уладзімір Клішын.

19 сакавіка 2021 года ў Цэнтры гарадскога жыцця, заснавальнік якога – Павал Мажэйка, адкрылася выстава вядомага мастака і рэстаўратара Алеся Пушкіна пад назваю «Пушкін у Горадні», дзе творца прэзентаваў праект роспісаў гарадзенскага Старога замку, а таксама шэраг уласных працаў розных гадоў.

Пракуратура палічыла, што экспазіцыя адной з карцінаў, а менавіта партрэта пасляваеннага антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, парушае існае заканадаўства – ч. 3 арт. 130 Крымінальнага Кодэксу («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні, здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму»). Мажэйку і Пушкіну за выстаўленую карціну пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Артыкулы
Два дні з жыцця Алеся Пушкіна ў гарадзенскай турме. «На сняданак нам далі па адным фарбаваным у шалупінні яйку»
2021.04.29 13:33

 

Паўла Мажэйку 26 сакавіка пасля допытаў у пракуратуры і Следчым камітэце затрымалі і змясцілі ў гарадзенскую турму. 29 сакавіка ён выйшаў на волю з фармулёўкаю «зніклі падставы для ўтрымання пад вартаю».

Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка на рэстаўрацыі палацу ў Магілёўскай вобласці і канваявалі ў гарадзенскую турму. Следчы камітэт пастанавіў выставіць яму абвінавачанне і пакінуць у вязніцы на час следства. Павал Мажэйка застаецца ў статусе падазраванага.

У канцы красавіка стала вядома, што «справу карціны падпольшчыка» перадалі з Горадні ў Следчы камітэт Менску, а мастака Алеся Пушкіна 28 красавіка этапавалі ў менскае СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Павал Мажэйка, выкліканы сёння ў Следчы камітэт, вельмі спадзяецца пачуць ад следчых, «што ўсе прэтэнзіі да яго і Алеся Пушкіна знятыя, справу закрываюць з прычыны адсутнасці складу злачынства, а Алеся ўрэшце адпусцяць на волю, да сям’і і творчасці».

Паводле нашай інфармацыі, у гэты ж дзень з Алесем Пушкіным сустрэнецца ягоная адвакатка.

На 12 траўня ў Горадні запланавалі паседжанне Эканамічнага суда па Гарадзеншчыне аб спыненні дзейнасці Цэнтру гарадскога жыцця. З такім патрабаваннем выступіла пракуратура Горадні, спасылаючыся на «карціну падпольшчыка», экспануючы якую, Цэнтр нібыта парушыў заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Гісторыі
«Такое не знішчыць. Гэта назаўжды». Чым увайшоў у гісторыю Горадні Цэнтр гарадскога жыцця
2021.04.23 08:00

У абарону Цэнтру гарадскога жыцця з адкрытым зваротам выступілі жыхары Горадні ды іншых гарадоў Беларусі. На сёння свой подпіс пад зваротам паставілі 1150 асобаў.

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Стужка навінаў