Даніі адмовілі ў прапанове прыняць замест Беларусі Чэмпіянат Еўропы ў веласпорце на трэку


Беларускі фонд спартовай салідарнасці (БФСС) паведаміў пра прапанову Дацкай спартовай канфедэрацыі (DIF) правесці Чэмпіянат Еўропы ў веласпорце на велатрэку ў Даніі замест Беларусі. Еўрапейскае роварнае аб’яднанне (UEC) адмовіла. Чэмпіянат мае прайсці ў Мінску 23–27 чэрвеня.

Пра адмову расказала дацкая газета Berlingske. Паводле выдання, DIF прапанавала правесці спаборніцтвы ў Даніі з пакрыццём выдаткаў UEC і выказала гатоўнасць падрыхтаваць чэмпіянат нават у вельмі кароткія тэрміны.

«Гэта самае рашучае, што мы можам зрабіць у Даніі, каб паказаць, як мы незадаволеныя тым, што спаборніцтвы павінны адбыцца ў Менску, – растлумачыў кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадскасцю DIF Пол Броберг. – Замест таго, каб пакідаць рашэнне на іншых, мы гатовыя зрабіць гэта самастойна».

Сцвярджаецца, што такая ідэя ўзнікла тры тыдні таму, калі стала зразумела, што UEC не змог адшукаць іншую краіну для прыняцця чэмпіянату. Аднак UEC адказала, што паседжанне рады дырэктараў адбываецца толькі чатыры разы на год, а таксама што арганізацыя спаборніцтваў зойме шмат часу і што спартоўцы, журналісты і тэхнічныя асістэнты ўжо забраніравалі авіяквіткі і гатэлі.

У сувязі з гэтым Беларускі фонд спартовай салідарнасці звярнуўся ў UEC і ў нацыянальныя федэрацыі, да спонсараў спаборніцтваў, да Еўракамісара ў пытаннях культуры і моладзі і да камісара па правах чалавека Рады Еўропы з патрабаваннем выканаць рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту – адмовіцца ад турніру ў Беларусі, бо ён «будзе выкарыстаны ў палітычных мэтах» і бо «бяспека атлетаў у Беларусі будзе пад пагрозай».

UEC адказала на гэта заявай аб тым, што іншага месца для спаборніцтваў няма, а калі адмовіцца ад спаборніцтваў у Беларусі, давядзецца вяртаць 200 тысяч еўра няўстойкі беларускаму боку.

БФСС лічыць, што гэтыя аргументы не маюць моцы пасля заявы датчанаў. Фонд таксама нагадвае, што нідэрландская кампанія Libema, якая кіруе веладромам у горадзе Апелдорн, больш за год вяла з UEC перамовы аб пераносе чэмпіянату з Беларусі, а ў лютым 2021 году прыняць турнір прапанавала Літва.

БФСС заяўляе: «ў старонніх назіральнікаў складаецца адчуванне, што кіраўніцтва UEC асабіста зацікаўленае ў правядзенні турніру ў Беларусі з прычынаў, невядомых шырокай грамадскасці».

Hавiны
Герасіменя: Магчыма, Беларусь паедзе на Алімпіяду ў Токіа пад нейтральным сцягам
2021.04.05 10:24

Раней Менску адмовілі ў правядзенні часткі Чэмпіянату свету ў хакеі, які Беларусь мела прыняць супольна з Латвіяй. Чэмпіянат пройдзе цалкам у Латвіі. У Беларусі ж увялі санкцыі супраць кампаніяў, якія адмовіліся быць спонсарамі спаборніцтваў у Менску, а супраць кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна распачалі крымінальную справу.

АА belsat.eu

Стужка навінаў