Сенат ЗША ўхваліў ленд-ліз для Украіны


Амерыканскія сенатары ўхвалілі законапраект аб праграме ленд-лізу для Украіны. Дакумент быў унесены ў сенат яшчэ да пачатку вайны ва Украіне.

Джо Байдэн, прэзідэнт ЗША.
Фота: АР

Ленд-ліз – праграма, у межах якой ЗША здавалі ў арэнду або перадавалі ў доўгатэрміновы крэдыт вайсковую тэхніку і рыштунак супольнікам падчас Другой сусветнай вайны. За 1941–1945 гады Вашынгтон перадаў сваім супольнікам матэрыялаў на больш як $ 50 млрд, у тым ліку СССР – каля $ 11 млрд.

У канцы студзеня, пасля з’яўлення ў медыях паведамленняў аб рыхтаванні Масквой уварвання ва Украіну, сенатары ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў падрыхтавалі законапраект, які надае прэзідэнту ЗША пашыраныя паўнамоцтвы заключаць пагадненні з украінскімі ўладамі на пастаўкі ўзбраенняў для абароны насельніцтва Украіны ад расейскага ваеннага ўварвання. Ён дазволіць кіраўніку дзяржавы абыходзіць бюракратычныя перашкоды, што паскорыць дастаўку зброі.

Дзеянне пашыраных паўнамоцтваў прэзідэнта ЗША заканчваецца ў выпадку спынення вайны, што цягнецца з акупацыі Расеяй Крыму ў 2014 годзе, і скарачэння колькасці расейскіх войскаў пры ўкраінскай мяжы да стану сакавіка 2021 года.

Цяпер дакумент мусіць ухваліць Палата прадстаўнікоў. Пасля законапраект будзе накіраваны на подпіс прэзідэнту.

Аб’ектыў
«У Расеі няма неабмежаваных рэсурсаў, асабліва цяпер, з улікам уведзеных намі разбуральных санкцыяў»
2022.04.06 23:33

ПС belsat.eu

Стужка навінаў