Санкцыі працуюць? Эканамісты разважаюць пра бліжэйшую будучыню беларускай эканомікі


Шмат якія прыхільнікі дэмакратычных пераменаў у 2020 годзе спадзяваліся, што рэжым Лукашэнкі абрынецца праз эканамічны крызіс і санкцыі. Але ў 2021 годзе адбыўся «экспартавы цуд», які дазволіў добра зарабіць на продажы нафтапрадуктаў і драўніны. Дык ці варта чакаць, што рэжым Лукашэнкі абрынецца праз новыя санкцыі?

Леў Львоўскі, старэйшы навуковы работнік даследчага цэнтру «BEROC», адзначае, што ўладам папросту пашанцавала з «экспартавым цудам».

«Экспартавы цуд – на тое ён і цуд, што не вынікае з бягучай сітуацыі. Таму прадказаць яго было нельга. Датычна таго, што цяпер адбываецца з эканомікай, не ведаю, апакаліпсіс гэта ці не, але дакладна цяпер мы бачым самыя моцныя санкцыі ў гісторыі суверэннай Беларусі. Хутчэй за ўсё, яны прывядуць да найбольшага падзення эканомікі ў найноўшай гісторыі Беларусі. Або да падзення эканомікі, параўнальнага з падзеннем 1990-х гадоў».

Беларусы за часы незалежнасці перажылі шмат розных эканамічных крызісаў. І здаецца, людзей ужо нельга нечым напужаць. Але ці сапраўды цяпер усё так дрэнна? Магчыма, улады змогуць адшукаць нейкае выйсце з крызісу?

На думку Алеся Аляхновіча, прадстаўніка Святланы Ціханоўскай у эканоміцы, жорсткі сцэнар дэградацыі эканомікі мы зможам назіраць ужо неўзабаве.

«Гэта гандлёвыя санкцыі на экспарт беларускіх тавараў. Ужо цяпер каля 40 краінаў свету ўвялі абмежаванні на куплю каля 70 % тавараў, якія Беларусь адпраўляе на экспарт. Таксама ёсць лагістычныя праблемы і байкот беларускіх тавараў. Напрыклад, у Польшчы гандлёвая сетка «Auchan» перастала набываць рыбную прадукцыю беларускай кампаніі «Санта-Брэмар» з палітычных матываў».

Эканоміка з Чалым
Беларусь чакаюць пустыя паліцы, чыноўнікі ў паніцы. Эфект ад санкцыяў пачаўся
2022.03.31 19:20

Акрамя таварнага экспарту, ёсць вялікія праблемы і ў фінансавым сектары. Гэтак, моцна зменшыліся магчымасці прыцягваць інвестыцыі ў эканоміку.

«Таксама ёсць фінансавыя санкцыі – напрыклад, з атрыманнем грашовых пераводаў з-за мяжы ў доларах ці еўрах. Адбылося замарожванне замежных інвестыцыяў. Ад супрацы з Беларуссю адмаўляецца як Сусветны банк, так і Азіяцкі інфраструктурны банк развіцця і інвестыцыяў, які кантралюецца Кітаем», – распавёў эканаміст.

Алесь Аляхновіч адзначае, што пры ўмове жорсткага сцэнару Беларусь можа чакаць змяншэнне экспарту прыкладна на 40 %. На думку эксперта, гэта прывядзе да скарачэння валавога ўнутранага прадукту (ВУП) Беларусі прыкладна на 6–8 %. Пры гэтым на некаторых прадпрыемствах, арыентаваных на экспарт, скарачэнне вытворчасці і прыбыткаў можа скласці і больш за 50 %.

Як вынік, адбудзецца скарачэнне занятасці і рост беспрацоўя. Асабліва складанай можа быць сітуацыя ў монагарадах, якія існуюць вакол буйнога прадпрыемства (напрыклад, «БелАЗ» у Жодзіне і г. д.). На думку Аляхновіча, у такіх мясцінах беспрацоўе можа скласці 15–20 %.

Таксама ў праграме:

  • Расея цягне Беларусь у магілу. Удзел Лукашэнкі ў авантурах Пуціна будзе дорага каштаваць Беларусі.
  • Да голаду не дойдзе, але цэны вырастуць. Як крызіс адаб’ецца на звычайных беларусах.
  • «Купляйце беларускае». Ці зможа Расея набыць усю прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў.

Глядзіце ток-шоу «План Б» на YouTube-канале «Белсат News», у прыкладанні «Belsat Smart» для тэлевізараў з функцыяй «Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі «iOS» і «Android», a таксама ў эфіры «Белсату».

Стужка навінаў