«Рэйкавыя партызаны». Што вядома пра затрыманых у Асіповіцкім раёне?


З 27 лютага ў Беларусі разгарнулася рэйкавая вайна. Беларусы ў памежных з Украінай частках краіны ўчыняюць дыверсіі на чыгунцы, каб перашкодзіць расейскім войскам дастаўляць тэхніку ў зону баявых дзеянняў. Учора стала вядома пра брутальнае затрыманне трох партызанаў у Асіповіцкім раёне, з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі. Аднаму з іх прастрэлілі калені. Мы паспрабавалі сабраць усю вядомую інфармацыю пра арыштаваных беларусаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар..
Фота: Schäferle / Pixabay

Панятак «рэйкавая вайна» ў сярэдзіне ХХ стагоддзя стаўся асаблівым брэндам Беларусі, які ўказваў на партызанскі досвед Другой Сусветнай. У спевах, кнігах і нават назвах вуліцаў і чыгуначных станцыяў савецкія ўлады імкнуліся захаваць, а часам і ператварыць у міф памяць пра беларускіх партызанаў.

Адным з самых легендарных падпольшчыкаў таго часу стаў Канстанцін Заслонаў, забіты ў 1942 годзе байцамі Расейскай нацыянальнай народнай арміі, сфармаванай з расейцаў, узятых нацыстамі ў палон на пачатку вайны.

На жаль, праз 80 гадоў пасля Заслонава, з-за расейскай агрэсіі ва Украіне, беларусам зноў давялося згадваць гістарычны досвед партызанскай дзейнасці на чыгунцы. Беларусы пасля заклікаў аб’яднання «ByPol» сталі масава псаваць і знішчаць электроннае абсталяванне чыгуначных шляхоў, каб спыніць эшалоны расейскай вайсковай тэхнікі, што кіруецца праз Беларусь ва Украіну.

Чалец беларускага аб’яднання былых сілавікоў «ByPol» Аляксандр Азараў адзначае, што за апошні месяц была пашкоджаная інфраструктура як мінімум на чатырох чыгуначных перагонах і трох чыгуначных пунктах прыпынку. Паводле Азарава, дыверсіі ладзяць удзельнікі плану «Перамога»:

«У нас ёсць пацверджаных дзесьці дзесяць акцыяў, якія былі праведзеныя з канца лютага да цяперашняга часу. Рэсурс наш не вычарпаны, людзі нашыя не затрыманыя. І яны гатовыя працягваць, і мы будзем працягваць далей дапамагаць нашым украінскім калегам у барацьбе з расейскай акупацыяй».

Аб’ектыў
ByPol пацвердзіў, што дыверсіі на чыгунцы ладзяць удзельнікі плану «Перамога»
2022.03.31 22:31

За месяц супрацьстаяння стала вядома пра арышт некалькіх дзясяткаў беларусаў, якія, паводле супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, удзельнічалі ў псаванні чыгуначнага палатна і адмысловага электраабсталявання. З-за частых выпадкаў дыверсіяў на чыгунцы дзяржаўныя структуры Беларусі вырашылі выставіць патрулі, якім дазволілі выкарыстоўваць баявую зброю супраць цывільных грамадзянаў, а намеснік міністра ўнутраных справаў адзначыў, што ўсе дзеянні пашкоджання на чыгунцы будуць кваліфікавацца як тэрарызм.

Hавiны
Беларускія спецназаўцы будуць кантраляваць чыгуначныя шляхі
2022.03.18 19:17

Учора стала вядома пра брутальнае затрыманне трох беларусаў, якіх Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі падазрае ў «падрыхтоўцы тэрарыстычных дзеянняў». Паводле Крымінальнага кодэксу РБ, за падобныя дзеянні чалавеку пагражае да 15 гадоў турмы. Праўладныя прапагандысты адзначаюць, што адзін з «партызанаў» цяпер у цяжкім стане. Затрыманымі аказаліся трое жыхароў Бабруйску.

Уладзімір Аўранцаў, 27 гадоў

Уладзімір Аўранцаў працаваў фітнес-тренерам.
Фота: by.tribuna.com

Уладзімір да затрымання працаваў фізруком у мясцовай школе № 35, а таксама інструктарам у фітнес-клубе. Новы занятак хлопец знайшоў пасля звальнення з працы ў міліцыі, на ўспамін аб якой у Аўранцава засталося некалькі здымкаў на старонцы ў «ВК».

Уладзімір Аўрамцаў працаваў фізруком у бабруйскай школе № 35. Крыніца: bobr35.schools.by

21 лютага, літаральна за тры дні да пачатку вайны, ён стаў чэмпіёнам Беларусі па грэплінгу (спецыфічны від барацьбы з выкарыстаннем захопаў) – паведамляе сайт «Трыбуна».

Дзмітрый Клімаў, 28 гадоў. Жанаты, мае дзіця

Дзмітрый Клімаў, арыштаваны ў справе «рэйкавых партызанаў», на прэзентацыі службы таксі «7204» у Бабруйску.
Фота: bobr.by

Як і Аўранцаў, Клімаў былы міліцыянт, паведамляе «Наша Ніва». Пасля заканчэння працы ў органах заняўся сферай таксі, а з 2021 года стаў рэгіянальным прадстаўніком у Бабруйску беларускай службы таксі «7204». Паводле інтэрвʼю мясцоваму парталу bobr.by, Клімава турбавалі пытанні беспрацоўя, ён рупіўся пра стварэнне працоўных месцаў для жыхароў Бабруйску, якія маглі б зарабіць грошы, не зʼязджаючы з гораду.

Яўген Мінкевіч, 28 гадоў. Жанаты. Знік уначы 30 сакавіка, пасля таго як выехаў на машыне ў невядомым кірунку

Здымак з вяселля «рэйкавага партызана» Яўгена Мінкевіча.
Фота: bobruisk.ru

Яўген Мінкевіч вучыўся ў бабруйскай школе алімпійскага рэзерву, завочна скончыў Мазырскі педуніверсітэт імя Шамякіна.

Да арышту Яўген Мінкевіч працаваў у хуткай дапамозе, а пазней быў кіроўцам. Дарэчы, нейкі час Мінкевіч працаваў разам з Клімавым.

Пасля таго як Мінкевіч выехаў увечары з дому на ўласным аўтамабілі «Volkswagen» і не вярнуўся, мужчыну абвесцілі ў вышук і нават некалькі дзён шукалі з дапамогаю дабрачыннага атраду «Фенікс».

Мінкевіч любіць кухарць і асабліва ганарыцца сваімі дранікамі і чабурэкамі. Мужчына марыць пра двух дзяцей, і разам з жонкай яны ўжо абралі імя будучай дачцэ.

Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу чыгуначнікаў, 30 сакавіка на перагоне Савічы – Бярэзіна (участак Асіповічы – Гомель), паблізу прыпыначнага пункту «Бабіна», былі ўскрытыя рэлейныя шафы, адну з іх паспелі падпаліць. У той жа час у лесапаласе непадалёк была патрульная група з унутраных войскаў, якая адкрыла па партызанах агонь з баявой зброі.

Нагадаем пра асноўныя падзеі «рэйкавай вайны» ў Беларусі:

  • 26–27 лютага адбыліся першыя партызанскія акцыі на перагоне Вярхі – Вярэйцы, а таксама каля станцыі «Барысаў» былі знядзеяныя прыстасаванні сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання.
  • 28 лютага на прыпыначным пункце «Сінява» каля Стоўбцаў знішчылі рэлейную шафу, а на перагоне Магілёў-2 – Буйнічы закарацілі рэйкавы ланцуг дрота.
  • 1 сакавіка на тэрыторыі Магілёўскай, Гомельскай і Менскай вобласцяў зафіксаваныя тры факты знішчэння сігнальнага абсталявання і блакавання чыгуначнага руху.
  • 2 сакавіка кіберпартызаны ўчынілі другую кібератаку і спынілі рух войскаў.
  • 2 сакавіка намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч заявіў, што «любыя дзеянні» ў дачыненні чыгункі цяпер будуць кваліфікавацца як акты тэрарызму.
  • 3 сакавіка пазіцыю аб прызнанні тэрарыстамі ўсіх рэйкавых партызанаў пацвердзіла Генеральная пракуратура.
  • 6 сакавіка затрымалі 49-гадовага жыхара Віцебску, які нібыта з аднадумцамі планаваў прывесці ў непрыдатнасць праграмна-апаратнае абсталяванне.
  • 15 сакавіка сапсавалі рэлейную шафу СЦБ на перагоне Даманава – Лясная.
  • 16 сакавіка – на перагоне Фарынава – Загацце.
  • 17 сакавіка – на станцыі «Ворша-Цэнтральная».
  • 17 сакавіка Камітэт дзяржаўнай бяспекі абвесціў пра затрыманне двух жыхароў Мазыра: 34-гадовага Сяргея Пляшкуна і 44-гадовага Юрыя Сельвіча.
  • 19 сакавіка чыгуначныя шляхі на поўдні Беларусі сталі ахоўваць спецназаўцы з в/ч 3214, якім дазволілі выкарыстоўваць агнястрэльную зброю.
  • 21 сакавіка стала вядома, што ў Воршы за пашкоджанне пуцей затрымалі мясцовага чыгуначніка.
  • 25 сакавіка дзве рэлейныя шафы спалілі на перагоне Барысаў – Навасады.
  • 28 сакавіка былі спаленыя дзве рэлейныя шафы паміж прыпынкам «Савецкі» і станцыяй «Вярэйцы».
  • 30 сакавіка ў Беларусі за «рэйкавую вайну» затрымалі больш як 30 чыгуначнікаў.
  • 30 сакавіка былі затрыманыя бабруйчане: Аўранцаў, Клімаў, Мінкевіч.
  • 31 сакавіка «ByPol» пацвердзіў, што дыверсіі на чыгунцы ладзяць удзельнікі плану «Перамога».

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў