Польскія школы ў Горадні і Ваўкавыску будуць русіфікаваныя


З наступнага навучальнага года выкладанне ў польскіх школах Горадні і Ваўкавыску перавядуць на расейскую мову.

Як паведаміў «Белсату» адзін з бацькоў, чые дзеці вучацца ў польскай школе ў Горадні, з верасня заняткі на польскай мове будуць абмежаваныя адным урокам польскай мовы і адным урокам польскай літаратуры на тыдзень. Астатнія прадметы будуць выкладацца на расейскай мове.

Польская школа. Табліца на ўваходзе ў гарадзенскую школу № 36 з надпісамі па-беларуску і па-польску.
Фота: svaboda.org

У сераду, 6 красавіка, кіраўніцтва сустрэлася з бацькамі дзяцей, якія вучацца ў дзяржаўнай школе № 36 Горадні. Ім паведамілі, што з наступнага навучальнага года польская мова будзе абмежаваная двума ўрокамі на тыдзень. Яны таксама атрымалі анкету з пытаннем, ці будуць іхныя дзеці працягваць наведваць установу. Кіраўніцтва спаслалася на новы Кодэкс аб адукацыі, які не прадугледжвае выкладання на мове нацыянальных меншасцяў.

Паперка, якую даюць запаўняць бацькам вучняў польскай школы. Крыніца: rp.pl

Суразмоўца расказвае, што польскія школы былі пабудаваныя ў 1990-я гады на сродкі польскай дзяржавы, а таксама існуе двухбаковая дамова паміж Польшчай і Беларуссю, якая гарантуе навучанне нацменшасцяў на роднай мове. Аднак гэта не перашкодзіла беларускім уладам русіфікаваць дзве ўстановы.

Як падкрэслівае суразмоўца «Белсату», гэтыя школы адыгрываюць вельмі важную ролю для польскай меншасці. Дзеці, якія навучаюцца там, маглі здаваць выпускныя іспыты на польскай мове, а затым паступаць у польскія ўніверсітэты. Бацькі прывозілі туды сваіх дзяцей нават з іншых мясцінаў, каб яны маглі вучыцца на польскай мове.

Доўгія гады барацьбой за адукацыю на польскай мове займаўся непрызнаны ўладамі Саюз палякаў у Беларусі. Аднак арышты і палітычныя рэпрэсіі супраць яго кіраўніцтва абмежавалі гэтую дзейнасць.

Паводле суразмоўцы «Белсату», бацькі ўспрынялі дзеянні гарадзенскіх уладаў з абурэннем. Яны таксама разлічваюць на рэакцыю Польшчы, хаця і разумеюць, што надзеі на змяненне рашэнняў адміністрацыі мала. Наш суразмоўца падкрэслівае, што русіфікацыя польскіх школаў палітычна матываваная і ёсць формай рэпрэсіяў супраць мяцежнай польскай меншасці.

Інтэрв’ю
«У палякаў цяпер ламаюцца стэрэатыпы пра ўкраінцаў». Размова з выкладчыцай польскай мовы для ўцекачоў
2022.03.29 17:26

belsat.eu

Стужка навінаў