Доктар гістарычных навук Аляксандр Фрыдман: Суіснаванне Пуціна і Захаду проста не магчымае


Расейская агрэсія ва Украіне стала першай вайной у ХХІ стагоддзі ў Еўропе. Злачынствы пуцінскай арміі шакавалі заходні свет. «Белсат» разам з доктарам гістарычных навук Аляксандрам Фрыдманам (Інстытут еўрапейскай этналогіі Берлінскага ўніверсітэту, Нямеччына) аналізуе, што стала прычынаю гэтага нападу і якімі будуць вынікі вайны для Еўропы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Барадзянка пасля месяца акупацыі расейскімі войскамі. Гэты горад месціцца крыху далей ад Кіева ў параўнанні з Бучай ці Ворзэлем. Да вайны тут жылі крыху больш за 10 тысяч асобаў. З 28 лютага горад быў заняты расейскімі войскамі, толькі 1 красавіка ў Барадзянку ўвайшлі ўкраінскія войскі, а праз некалькі дзён яго змаглі ўбачыць і журналісты. Паводле мясцовых уладаў, мінімум 200 асобаў лічацца зніклымі без вестак. Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 5 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Доктар гістарычных навук Аляксандр Фрыдман (Інстытут еўрапейскай этналогіі Берлінскага ўніверсітэту, Нямеччына) лічыць, што ў гісторыі сённяшнія падзеі будуць пераасэнсаваныя, і глядзець на іх будуць па-іншаму. Але нават цяпер можна сказаць, што расейская агрэсія праявілася задоўга да 24 лютага 2022 года.

– Гэта першая вялікая еўрапейская вайна ў ХХІ стагоддзі. Пакуль яе асэнсаваць даволі складана, мы не ведаем, на якой стадыі гэтай вайны мы цяпер. Верагодна, што дзень 24 лютага сёлета і не быў пачаткам вайны, як цяпер мы разумеем. Яна пачалася яшчэ з анексіі Крыму. А да гэтага Расея вяла вайну ў 2008 годзе з Грузіяй. Таму цалкам можа стацца, што ўвесь гэты перыяд з 2008-га або з 2014 года мы будзем разглядаць як вялікую эпоху вайны. Вайна вялася рознымі спосабамі, бо 24 лютага гэтага года Расея адкрыта распачала вайну супраць суседняй дзяржавы і ступіла на яе тэрыторыю. Але ж раней у 2008 годзе расейскія вайскоўцы ўвайшлі ў Паўднёвую Асецію. Таму ацаніць гэтую эпоху цяпер даволі складана.

– Ці можна сёння казаць, што распачалася Трэцяя Сусветная вайна?

– Пакуль складана адказаць, але цалкам мажліва, што так. Мы сёння бачым адкрытую вайну Расеі супраць Украіны, вядзецца дыпламатычная і фактычна эканамічная вайна краінаў Еўропы, ЗША, Канады, Аўстраліі і Японіі супраць Расеі. Адначасова бачым пастаўкі зброі з боку Захаду Украіне. Таму заходні бок не бярэ ўдзелу ў гарачай вайне, але ўдзельнічае ў супрацьстаянні. Ці на гэтым усё спыніцца, або адбудзецца сутыкненне паміж NATO і Расеяй – сёння выключаць гэтага нельга.

І гэта будзе зусім новай вайной, з улікам ядравага фактару. Зразумела, што калі адбудзецца сутыкненне паміж Захадам і Расеяй, то Расея не будзе ваяваць выключна канвенцыянальнай зброяй, бо ў яе няма шанцаў, паколькі перамагчы NATO яна не можа. Канечне, пытанне таксама і ў тым, ці будуць пераможцы ў ядравай вайне. Але гэта іншае пытанне.

Таму можна казаць, што ў выпадку сутыкнення Крамля з краінамі Захаду адбудзецца выкарыстоўванне ядравай зброі, а калі яе выкарыстае адзін бок, то адпаведна і другі бок таксама націсне кнопку.

Hавiны
Жыхароў на ўсходзе Украіны заклікаюць да эвакуацыі. Там чакаецца наступ расейскіх войскаў
2022.04.06 16:36

Першы выклік у ХХІ стагоддзі ў Еўропе – гэта жахлівыя ваенныя злачынствы. Гэта не значыць, што ў іншых войнах такіх злачынстваў не было. Зразумела, што шмат таго, што Расея сёння чыніць ва Украіне, яна рабіла ў той жа Сірыі. Але мы ў Еўропе далёка, часам не жадалі гэтага бачыць, не ўспрымалі тое так балюча. Марыупаль – еўрапейскі горад, адлегласць да Францыі або Нямеччыны зусім невялікая.

Мы бачым вайну на новым узроўні. Бачым пагрозу існаванню і злачынствы, якія, здавалася, пасля Другой Сусветнай вайны або вайны ў Югаславіі больш немагчымыя. У мяне таксама ёсць адчуванне, што калі мы даведаемся пра злачынствы ў Марыупалі, то гэта будуць тыя злачынствы, якіх мы не бачылі з часу Другой Сусветнай.

Рэальныя прычыны вайны

– Які сэнс для Расеі ў тым, каб распачаць вайну? Якая насамрэч прычына для ўварвання ва Украіну?

– У Расеі ёсць і эканамічныя інтарэсы, і геапалітычныя таксама. Вядома, калі ёсць эканамічныя інтарэсы, то нелагічна выглядае руйнаванне інфраструктуры ва Украіне, гарадоў і прадпрыемстваў, калі ў будучыні мяркуецца іх выкарыстоўвацца. Гэтыя фактары геапалітыкі і эканомікі таксама маюць уплыў, але варта ўлічыць і пытанне бяспекі. Праўда, гэта ўжо больш аспект успрыняцця.

У палітычных колах Расеі лічаць, што NATO ёсць пагрозаю для іх. Але насамрэч альянс мае абарончыя функцыі і не мае намеру на некага нападаць. Нават калі б Украіна стала чальцом NATO, або на яе тэрыторыі былі вайсковыя базы альянсу, то ніякай пагрозы існаванню Расеі не было б. Таму тое, што NATO лічаць у Маскве пагрозай, ёсць дэфектным успрыняццем рэчаіснасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя адзінства і салідарнасці з Украінай ля амбасады Расеі ў Літве «Свабода ззяе». 1 сакавіка 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: КК / Белсат

Яшчэ адзін важны фактар – асабісты. Расейскае кіраўніцтва – гэта асобы сталага ўзросту. Гэта людзі з савецкай сацыялізацыяй. Для іх канец савецкай эпохі быў асабістай псіхалагічнай траўмай. І што вельмі прыкра, гэта людзі глядзяць не ў будучыню, але ў мінулае. Гэта асобы, якія кіруючыся імперыялізмам і рэваншызмам, жадаюць выправіць гістарычныя памылкі, якія, з іхнага гледзішча, былі дапушчаныя. І вось Пуцін жадае выправіць такую памылку, як развал СССР. Ён сапраўды жыве мінулым.

Вайна савецкай наменклатуры з сучасным светам

– Вайну распачалі людзі, якія сфармаваліся ў савецкі час, якія аказаліся нашмат больш савецкія, чым варта было чакаць. Развал СССР стаў для іх асабістай траўмай. Яны не здолелі гэтай траўмы пераадолець, і яны мысляць катэгорыямі мінулага. Бо Пуцін, калі кажа пра будучыню, пра новы міжнародны парадак, карыстаецца прыкладамі не сучаснасці, але з мінулага. Гэта чалавек з ХХ стагоддзя, які імкнецца нас вярнуць назад. І што жахліва, імкнецца нас вярнуць да найгоршых прыкладаў ХХ стагоддзя, хоць і на сучасны лад. Бо тое, што адбылося ў Бучы, – гэта жахлівыя практыкі гітлераўскіх і сталінскіх злачынстваў.

Напад на Украіну – толькі пачатак ваеннага наступу Пуціна

– Прапаганда ў Расеі агрэсіўна ставіцца не толькі да Украіны, але наагул да ўсяго заходняга свету і дэмакратыі. Ці не стане так, што напад на Украіну – толькі пачатак вайны для Крамля?

– Я мяркую, што Пуцін ужо не можа спыніцца, і суіснаванне проста немагчымае. Бо калі паглядзець на заходні свет, санкцыі і рыторыку палітыкаў, то пабачым, што няма сур’ёзных палітыкаў, якія кажуць пра магчымасць супрацы з пуцінскай Расеяй. Кіраўнік Крамля стаў асобай, якая адказвае за цывілізацыйны разрыў, які руйнуе цывілізацыю. Ён прынёс у Еўропу тыя жахлівыя рэчы, якія здаваліся проста немагчымымі: забойства мірных жыхароў, блакады гарадоў, сексуальны гвалт. Таму з такім рэжымам супраца немагчымая, але і Пуцін гэта разумее. Таму ўзнікае пытанне: а чаму ён павінен спыніцца ва Украіне?

Магчыма, ён лічыць сваёй гістарычнай місіяй працаваць над новым сусветным парадкам. Прапагандысцкая рыторыка пацвярджае гэта. Той жа Мядзведзеў раней заявіў, што мэтай Расеі ёсць адкрытая Еўразія ад Лісабону да Уладзівастоку. Гэтым усё сказана, яны кажуць пра тое адкрытым тэкстам. І еўрапейцы, і амерыканцы павінныя гэта пачуць, а не рабіць выгляд, што гэта нейкае блюзнерства, нейкая прапаганда. А расейскія ўлады сапраўды гэтага чакаюць і імкнуцца да гэтага.

Інтэрв’ю
«Расея можа х*й паказаць любому». Пагаварылі з «патрыётам» з Расеі
2022.04.05 20:56

Ці гатовы Захад да супрацьстаяння з Расеяй?

– Ці можам спадзявацца, што на Захадзе добра разумеюць сітуацыю і гатовыя даць адпор пуцінскай агрэсіі?

– Цяжка адказаць на гэтае пытанне. Кожны адказ будзе спекуляцыяй, бо мы зможам даведацца пра гэта, толькі калі ўзнікне такая сітуацыя. Але я спадзяюся на гэта. Бо інакш, калі не будзе вытрымкі і пазіцыі, то тады мы рызыкуем дэмакратычным светам. Расейская дыктатура не спыніцца, яна будзе імкнуцца знішчыць дэмакратычны свет. Таму ў мяне ёсць спадзяванне, што на Захадзе стойкасць і гэтая мужнасць прысутнічаюць. Але калі глядзець на рэчаіснасць, то мая пазіцыя выглядае звышаптымістычнай. Але ў існым свеце нам больш нічога не застаецца, як спадзявацца.

У нас перад вачыма гераічны прыклад Украіны. Раней жа Украіне давалі два-тры дні, лічылі, што прэзідэнт безумоўна пакіне краіну і накіруецца ў Варшаву, Берлін ці Лондан. Аднак Украіна змагаецца, не здаецца. Таму мне падаецца, што Кіеў павінен стаць прыкладам для Еўропы. Змяніліся маральныя арыенціры. Цяпер перавага не ў еўрапейцаў ці ў амерыканцаў, якія раней маглі казаць краінам Усходняй Еўропы пра тое, як трэба будаваць дэмакратыю, – маральная перавага сёння ва Украіне. Бо менавіта ўкраінцы дэманструюць усяму свету, што гэта значыць – змагацца за волю і дэмакратыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў Бучу. Карэспандэнт Бі-Бі-Сі спытаў у Зяленскага, ці лічыць ён усё яшчэ магчымым абмяркоўваць мір з Расеяй. «Так, таму што Украіна павінна здабыць мір. Мы ў Еўропе ў ХХІ стагоддзі. Мы працягнем дыпламатычныя і ваенныя намаганні», – сказаў Зяленскі. 4 сакавіка 2022 года.
Фота: president.gov.ua

Ці мае Расея дастаткова рэсурсаў, каб збудаваць «Еўразію ад Лісабону да Уладзівастоку»?

– Калі кажам пра жаданні і памкненні Крамля, то ўзнікае пытанне: а ці дастаткова рэсурсаў у Расеі, каб рэалізаваць гэтыя планы?

– У Крамля рэсурсаў будзе дастаткова толькі ў адным выпадку, калі Захад вырашыць здацца. Яшчэ да вайны, калі Расея выстаўляла свае патрабаванні, мне існая сітуацыя нагадвала сітуацыю ў Еўропе ў 1938 годзе. Тады Гітлер вылучыў патрабаванні адносна Чэхаславаччыны. І гэтыя патрабаванні лічыліся апошнімі.

У Еўропе палічылі, што прасцей будзе, калі Гітлер атрымае Судэцкую вобласць, тэрыторыю, на якой большасць насельніцтва нямецкамоўнае, і спадзяваліся, што на гэтым радыкальны нямецкі рэваншызм скончыцца і прыйдзе мір. Гэта была пазіцыя, якую занялі вялікія еўрапейскія дзяржавы таго часу. І яны проста здалі краіну немцам. А далей мы ведаем падзеі. Гітлер не спыніўся на Судэцкай вобласці, і потым распачалася Другая Сусветная вайна. А чэхі і славакі не мелі магчымасці супраціўляцца немцам, паколькі гэтай краіне здрадзілі. Калі б армія аказала супраціў Гітлеру, а чэхаславацкая армія была досыць моцная ў 1938 годзе, то невядома, якія б былі наступствы.

Але з таго часу Еўропа зрабіла пэўныя высновы, і Украіну цяпер не здалі. І Кіеў робіць тое, што не далі зрабіць Празе ў 1938 годзе. І мы ўсе бачым, як паспяхова, нягледзячы на страты і разбурэнні, Украіна змагаецца, а Захад падтрымлівае. Так, можна было б зрабіць нашмат больш. Вядома, калі паглядзець на дапамогу з украінскага боку, то яе мала. А Захад не толькі пастаўляе зброю, але робіць крокі, якія вельмі неспрыяльныя для эканомікі, а гэта ўсё страты. Таму я лічу, гэта аптымістычны сігнал.

І тое, што ў Расеі не атрымліваецца ва Украіне, цяпер выліваецца ў злобу. Яны разлічвалі на зусім іншыя вынікі. Безумоўна, сітуацыя абсалютна жахлівая, але гэта дае надзею на тое, што жахі, якія мы перажыліі ў ХХ стагоддзі, не паўторацца, а Расея будзе спыненая.

Аналітыка
«З усім змесцівам зраўняць з зямлёй». Што кажуць пра частку, дзе служылі меркаваныя каты Бучы
2022.04.05 19:34
Аб’ектыў
Зяленскі: «Расейскія акупанты вышуквалі і забівалі кожнага, хто служыў нашай дзяржаве»
2022.04.05 22:55

КА belsat.eu

Стужка навінаў