Дэпутаты Еўрапарламенту большасцю прынялі жорсткую рэзалюцыю ў дачыненні Расеі і Беларусі


Дэпутаты Еўрапарламенту на чарговым пасяджэнні 7 красавіка прынялі жорсткую рэзалюцыю ў дачыненні Расеі і Беларусі з-за вайны ва Украіне.

У рэзалюцыі, прынятай 513 галасамі (супраць 22, і 19 устрымаліся) дэпутаты Еўрапарламенту заклікалі да дадатковых «карных» захадаў, уключаючы «неадкладнае поўнае эмбарга на расейскі імпарт нафты, вугалю, ядравага паліва і газу».

Вынікі галасавання ў Еўрапарламенце аб закліку да поўнага і неадкладнага эмбарга на імпарт расейскіх рэсурсаў. Крыніца: Oranges / Facebook

Еўрадэпутаты заклікаюць лідараў ЕЗ выключыць Расею з G20 і іншых арганізацыяў – такіх, як Рада правоў чалавека ААН, Інтэрпол, Сусветная гандлёвая арганізацыя, ЮНЭСКО і іншых, «што было б важнай прыкметай таго, што міжнародная супольнасць не вернецца да звычайных справаў з дзяржавай-агрэсарам».

Акрамя гэтага прапаноўваецца выключыць расейскія банкі з сістэмы SWIFT, забараніць усім судам, звязаным з Расеяй, заходзіць у тэрытарыяльныя воды ЕЗ і швартавацца ў партах ЕЗ, а таксама забараніць аўтамабільныя грузавыя перавозкі праз межы Расеі і Беларусі.

Дэпутаты Еўрапарламенту таксама патрабуюць канфіскацыі «ўсёй маёмасці, якая належыць расейскім чыноўнікам або алігархам, звязаным з рэжымам Пуціна, іхным давераным асобам і падстаўным асобам, а таксама маёмасці ў Беларусі, звязаным з рэжымам Лукашэнкі».

Аналітыка
Доктар гістарычных навук Аляксандр Фрыдман: Суіснаванне Пуціна і Захаду проста не магчымае
2022.04.07 15:22

Дэпутаты Еўрапарламенту падкрэсліваюць, што асобы, якія ўчынілі ваенныя злачынствы ва Украіне, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці, і заклікаюць стварыць спецыяльны трыбунал ААН дзеля расследавання такіх злачынстваў.

Парламент зноў заяўляе, што пастаўкі зброі павінныя працягвацца і актывізавацца, каб Украіна магла эфектыўна бараніцца.

З-за непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне ва Украіне рэзалюцыя таксама патрабуе, каб санкцыі супраць Беларусі былі такія ж, як санкцыі, уведзеныя супраць Расеі.

Таксама адзначаецца, што гэта павінна суправаджацца планам гарантавання бяспекі энергазабеспячэння ЕЗ, а таксама стратэгіяй «адмены санкцыяў на выпадак, калі Расея зробіць крокі для аднаўлення незалежнасці, суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў і цалкам выведзе свае войскі з тэрыторыі Украіны».

Гісторыі
«Расея скацілася на ўзровень гітлераўскай Нямеччыны». Гісторыя двух братоў, якія ўцяклі з РФ у Нідэрланды
2022.04.07 14:20

АД belsat.eu

Стужка навінаў