Адтэрміноўкі ад войска айцішнікам і індэксацыя пенсіяў. Урад Беларусі зацвердзіў план падтрымання эканомікі


Савет міністраў Беларусі зацвердзіў план падтрымання эканомікі. Адпаведны дакумент падпісаў прэм’ер Раман Галоўчанка.

Фота: Белсат

План прадугледжвае падтрыманне экспарту і пашырэнне крэдытавання экспарцёраў незалежна ад рынку паставак беларускай прадукцыі. Таксама зніжаюцца мытныя пошліны для імпартных тавараў, неабходных для вытворчасці на экспарт.

Запланаваная магчымасць рэструктурызацыі запазычанасці і выплаты пеняў па мытных плацяжах, выбудоўванне новых транспартна-лагістычных ланцужкоў для перанакіравання экспартных патокаў.

Прапануецца праца з РФ у пытаннях павелічэння квотаў і ў перспектыве адмену дазвольнай сістэмы перавозак грузаў і кабатажу для беларускіх аўтаперавозчыкаў. Агулам з Расеяй плануецца стварыць сумесныя імпартазамяшчальныя вытворчасці і дадаткова фінансаваць падтрымліваць малыя і сярэднія прадпрыемствы, якія выпускаюць прадукцыю, што не вырабляецца ў Беларусі і Расеі.

Таксама план прадугледжвае вызваленне бізнесу ад адміністрацыйнай адказнасці ў выніку праверак за ўпершыню дапушчаныя і ненаўмысныя парушэнні і наданне арганізацыям права на атрыманне субсідыяў з ФСАН для ажыццяўлення даплат работнікам, а таксама дзяржаўнай штомесячнай адраснай сацыяльнай дапамогі некаторым катэгорыям грамадзянаў. Грашовыя даходы, пенсіі, дапамогі будуць індэксавацца да ўзроўню інфляцыі.

Апроч таго, прапісаная магчымасць надання рэзідэнтам ПВТ ільготаў і прэферэнцыяў, у тым ліку правы на адтэрміноўку ад прызыву на вайсковую службу.

Таксама ў дакумент уключаныя меры падтрымання прамысловасці, будаўнічай галіны, сельскай гаспадаркі, транспарту і турызму.

Hавiны
Лукашэнка – чыноўнікам: «Нас заўтра можа не быць»
2022.04.07 13:11

ПС belsat.eu

Стужка навінаў