Ва Украіне прэзентуюць кнігу «Беларускі Данбас», якую ў Беларусі прызналі экстрэмісцкай


Кніга «Беларускі Данбас» Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай. Крыніца: Игорь Ильяш / Facebook

У Кіеве прэзентуюць кнігу «Беларускі Данбас» – гэта даследаванне ўдзелу беларусаў у вайне на ўсходзе Украіны.

Аўтары выдання – журналісты «Белсату» Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева, якую нядаўна пазбавілі волі на 2 гады за стрым з акцыі пратэсту 15 лістапада. Саму кнігу суд Кастрычніцкага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкай.

Аб’ектыў
«Я ўпэўнены, што эксперты нават не бралі ў рукі гэтай кнігі». Кнігу «Беларускі Данбас» прызналі экстрэмісцкай
2021.03.26 22:15

У кнізе гаворыцца, у прыватнасці, пра ўплыў Беларусі на канфлікт на ўсходзе Украіны, ролю беларускіх спецслужбаў, іх наймітаў і асабіста Лукашэнкі ў гэтай вайне. Разам з тым, аўтары надалі ўвагу і беларусам, якія на Данбасе абараняюць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

У прэзентацыі кнігі «Беларускі Данбас» возьмуць удзел яе суаўтар Ігар Ільяш, дырэктар выдавецтва «Фоліо» Аляксандр Красавіцкі, кіраўнік Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны Сяргей Таміленка, народны дэпутат Украіны, старшыня міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе Украіны Аляксей Ганчарэнка, першы сакратар Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны Ліна Кушч, рэдактар выдання, украінскі журналіст Андрэй Дзіхцярэнка.

Мерапрыемства, арганізаванае Нацыянальным саюзам журналістаў Украіны і прадстаўніцтвам тэлеканалу «Белсат» ва Украіне, адбудзецца 8 красавіка ў 11:00 у прэс-цэнтры НСЖУ.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў