Ці ўцягнуць Беларусь у канфлікт Кіева і Масквы?

Аляксандр
Фядута
паліткансультант

Канфлікт вакол расейскага лобі ва Украіне сур’ёзна ўзмацніўся за апошнія месяцы. Фармальна нічога асаблівага не адбылося: у пуцінскага кума дэпутата Вярхоўнай Рады Віктара Мядзведчука адабралі ягоныя тэлеканалы, а наўзамен той набыў медыяхолдынг парадкам збяднелага зяця Леаніда Кучмы – Віктара Пінчука. Але на самай справе сітуацыя нашмат больш складаная.

Украіна на ўсім скаку рухаецца насустрач новым прэзідэнцкім і парламенцкім выбарам. Уладзіміру Зяленскаму не ўдалося перамагчы алігархічную фронду. Ігар Каламойскі, якога Зяленскі з цяжкасцю адхіліў ад рычагоў кіравання ўласным урадам, вырашыў зблакавацца з Медведчуком. Такім чынам, два найбуйнейшых тэлеканала Украіны – «1+1» Каламойскага і «ICTV», які кантралюе цяпер Мядзведчук, пачынаюць узгодненую барацьбу з прэзідэнтам. Тым самым прэзідэнтам, які выйшаў да ўкраінцаў літаральна з экрана тэлевізара.

Украіна адмовілася прыязджаць у Менск на перамовы аб Данбасе – давер страчаны

Вынікам для Зяленскага стала неабходнасць рэзка пазіцыянавацца ў новай якасці – зрэшты, прадугледжанай Канстытуцыяй Украіны. Гэтая якасць – абаронца суверэнітэту і цэласнасці Украіны. Карацей, каб уцалець на пасадзе прэзідэнта, Зяленскаму трэба знайсці агульнага для яго і для большасці украінцаў ворага. Такім цяпер з’яўляецца Расея. Ну, і патрэбны невялікі канфлікт, які можна было б выйграць. Армія Украіны гранічна мабілізаваная, кансенсус ва ўкраінскім грамадстве з нагоды неабходнасці вярнуць ва ўлонне краіны Данбас існуе, а якой цаной гэтага можна дамагчыся – гэта ўжо іншае пытанне. У рэшце рэшт, хто сказаў, што Расея будзе ваяваць з Украінай? Зяленскі спадзяецца, што не будзе. Толькі вось зброяй абодва бакі пазмагаюцца – не больш. У выпадку рэальнай небяспекі – Байдэна паклічуць (ён ужо і патэлефанаваў у Кіеў).

Але яшчэ вялікае пытанне, наколькі можна будзе пазбегнуць рэальнага ўзброенага сутыкнення. Уладзіміру Пуціну напярэдадні магчымага транзіту ўлады і маючых адбыцца выбараў у Дзяржаўную Думу таксама не перашкодзіць канфлікт, які можна выйграць. І рост напружанасці вакол Данбаса аб’ектыўна павышае градус у самой Расеі, прымушаючы людзей з імперскім менталітэтам аб’ядноўвацца вакол Пуціна. Гэта аб’ектыўна.

Пры чым тут мы? Усё вельмі проста.

Канфлікт ва Украіне як звышкрызіс. Беларускі кантэкст

Сёння Пуцін – адзіны саюзнік Лукашэнкі. Да таго ж, Лукашэнкі, смяротна пакрыўджанага ўкраінскай уладай, якая адмаўляецца падтрымліваць яго прэтэнзіі на безумоўную легітымнасьць. Унутраная логіка падзеяў падштурхоўвае камандуючага ўсімі беларускімі сілавікамі да таго, каб нарэшце настаяць на ўвядзенні расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыю Беларусі. На самай справе, яшчэ пара-тройка правакацый з меркаванымі спробамі ўзброеных людзей перасекчы ўкраінска-беларускую мяжу – і нагода, як гаворыцца, па сукупнасці набіраецца.

Але расейскія войскі проста ўвесці – цяжка вывесці з Беларусі: расейскі электарат можа не зразумець. Пуцін гэта ведае вельмі добра, таму да гэтага часу так паслядоўна супраціўляўся просьбам Лукашэнкі, агаворваючы ваенную дапамогу пагрозай ўварвання трэцяй краіны. А тут можа скласціся як раз адпаведная гэтай агаворцы сітуацыя: украінскія войскі выстройваюцца люстрана расейскім – па свой бок мяжы. Прэзідэнт Украіны, які бразгае зброяй (хай нават бляшаным мячом па пластмасавым шчыце), проста напрошваецца на адказ – хоць бы на пстрычку, якою можна збіць з яго саманадзейнасць. Ужываць зброю ў рэальнасці Крамлю не надта хочацца, але вось усталяваць войскі на паўночнай мяжы –яно ў самы раз будзе.

Прадстаўнікі ДНР прымаюць удзел у стварэнні партыі ў Беларусі

Тым больш, што Лукашэнка ўжо не клапоціцца аб рэпутацыі Беларусі як «гаранта стабільнасці і бяспекі» у рэгіёне. Рэпутацыя павалілася з першым ударам дубінак і разрывам светлашумавай гранаты ў Менску ў ноч з 9 жніўня 2020 года. Славутая «шматвектарнасць» растала разам з усмешкай Уладзіміра Макея. Невыпадкова Украіна ўжо загаварыла аб неабходнасці перанесці перамоўную пляцоўку ў Польшчу.

Так аб чым тады клапаціцца Лукашэнка, акрамя ўласнай улады? А ўлада, калі Расея рэальна ўвядзе на тэрыторыю саюзнай ёй Беларусі абмежаваны ваенны кантынгент, рэзка ўмацуецца. Свае штыкі ўсё менш надзейныя – а вось чужыя… на іх можна паспрабаваць усядзець.

Вялікая спакуса ўтрымаць уладу такім чынам. Не выключаю, што ён можа спрацаваць на гэты раз.

А тое, што ў выніку Беларусь можа апынуцца ўцягнутай у сур’ёзны геапалітычны канфлікт, ды яшчэ, не выключаю, з ахвярамі сярод вайскоўцаў (калі зброя сапраўды будзе ўжытая), пра гэта будуць думаць у апошнюю чаргу. «Саюзніцкі доўг» спрацуе.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў