Месяц арышту атрымаў берасцеец за надпіс «Избавь нас от лукавого»


Графіці з цытатаю з Бібліі каштавала берасцейцу Андрэю Леванюку адзін месяц арышту. Такое рашэнне 7 красавіка прыняла суддзя суда Маскоўскага раёну Берасця Вера Філонік. Дарэчы, гэтая ж суддзя асудзіла дзевяць берасцейцаў (у тым ліку няпоўнагадовых) на тэрміны ад 3 да 4,5 гадоў калоніі за падзеі 10 жніўня.

Леванюк над адным з будынкаў Берасця нанёс надпіс «Избавь нас от лукавого». Міліцыя палічыла гэта пікетаваннем шляхам нанясення надпісу, скала на яго пратакол паводле адміністратыўнага арт. 23.34. Але адміністратыўную справу спынілі, бо завялі крымінальную. У выніку ў судзе Маскоўскага раёну Андрэя судзілі паводле 341-га артыкулу КК (Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Леванюк лічыць сябе вернікам, і ён патлумачыў, чаму зрабіў гэты надпіс.

 

– У словах з малітвы яны пабачылі цынізм. Калі я рабіў гэты надпіс, я хацеў, каб людзі прымірыліся, каб не было канфрантацыі ў грамадстве, якая ідзе ў нас са жніўня. Але мяне прызналі вінаватым, – сказаў «Белсату» Андрэй Леванюк.

Словы «Избавь нас от лукавого» – частка галоўнай хрысціянскай малітвы «Ойча наш», тэкст якой запісаны ў дзвюх кнігах Бібліі.

АЛ/МГ belsat.eu

Стужка навінаў