Менчука пакаралі 25 соднямі арышту за тое, што ён плюнуў на дзверы суседа-міліцыянта


Прэс-служба МУС распавяла, як міліцыя адпомсціла жыхару Менску за тое, што ён плюнуў на дзверы сілавіка.

Інцыдэнт адбыўся ў канцы сакавіка. Паводле МУС, 33-гадовы мужчына апляваў дзверы суседняй кватэры і паказаў пахабны жэст рукою. Гэтыя дзеянні менчука зафіксавала камера назірання. «Высветлілася, мужчына дзеяў наўмысна, ведаючы пра прыналежнасць жытла міліцыянту», – тлумачаць у МУС.

Міліцыянт, дзверы якога аплявалі, звярнуўся па дапамогу ў службу ўласнай бяспекі. На наступны дзень 33-гадовага мужчыну затрымалі. У МУС сцвярджаюць, што падчас разбору «ён хапаў міліцыянтаў за форменнае абмундзіраванне, нецэнзурна лаяўся на іхны адрас і спрабаваў уцячы».

Затрыманага прымусілі выбачацца на камеру. «На працягу некалькіх дзён наўмысна пляваў на дзверы працаўніка міліцыі. Хачу прынесці яму свае прабачэнні», – кажа ён на відэа, знятае на фоне чырвона-зялёнага сцяга.

За дробнае хуліганства і непадпарадкаванне міліцыі суд прызначыў менчуку 25 содняў адміністратыўнага арышту.

Таксама прэс-служба МУС распавяла пра затрыманне 30-гадовага жыхара Слуцку, які адправіў абразлівае смс-паведамленне чальцу сямʼі сілавіка. Мужчыну аштрафавалі на 10 базавых велічыняў.

Hавiны
У ГУБАЗіКу распавялі пра новыя палітычныя арышты і крымінальныя справы
2021.03.23 19:52

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў