Курсы долара і еўра рванулі ўгору. Прычыны тлумачыць эканаміст Вадзім Іосуб


Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

7 красавіка падчас гандляванняў на Беларускай валютна-фондавай біржы рэзка выраслі курсы амерыканскай і еўрапейскай валютаў. Высвятляем прычыны гэтага.

На гандляваннях на БВФБ курс еўра ўжо вырас на 1,06 % да 3,1684 рубля, долара – на 0,49 % да 2,6676 рубля, а вось курс расейскага рубля наадварот знізіўся – на 1,15 % да 3,4348 беларускага рубля за 100 расейскіх.

Сёння долар у Беларусі ўсталяваў новы абсалютны максімум. Мінулы рэкорд па кошту быў зафіксаваны 28 жніўня 2020 года.

Як распавёў belsat.eu Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары Еўразія», той факт, што растуць курсы еўра і долара, а зніжаецца курс расейскага рубля, сведчыць, што на гэта ўплывае вонкавы фактар, а дакладней, сітуацыя з расейскім рублём. Паводле яго, калі б падаў беларускі рубель, то раслі б усе тры замежныя валюты.

Hавiны
Золатавалютныя рэзервы Беларусі абваліліся ніжэй за $ 7 млрд
2021.04.07 11:14

Больш за тое, з улікам падзення расейскага рубля курс беларускага да трохвалютнага кошыка нават трошкі ўмацаваўся.

«Усё гэта тлумачыцца моцным падзеннем расейскага рубля да ўзроўняў пачатку лістапада мінулага года. Долар дасягнуў амаль 78 рублёў, еўра – 92,5 рубля. Усё гэта звязана, я думаю, з абвастрэннем сітуацыі на ўсходзе Украіны і чаканнямі ў Расеі новых санкцыяў. На гэтым фоне замежныя інвестары, магчыма, прадаюць расейскія рублёвыя дзяржаблігацыі, канвертуюць рублі ў валюту, і адбываецца такое падзенне курсу», – паведаміў эканаміст.

Беларусі ж, якая мае стабільна высокую долю Расеі ў вонкавым гандлі ды ў выніку высокую долю расейскага рубля ў валютным кошыку, «наканавана гэткім чынам рэагаваць на тое, што адбываецца з расейскім рублём».

«Падзенне расейскага рубля да долара і еўра заўсёды будзе правакаваць падзенне беларускага да іх. Калі ў Расеі будзе долар расці, дык і ў нас ён будзе расці, хай і не так моцна, бо беларуская валюта трошкі ўмацоўваецца да расейскай. Калі б курс расейскага рубля ў нас заставаўся стабільны, то тады долар бы рос гэтак жа моцна, як і ў Расеі», – падкрэсліў Вадзім Іосуб.

І пакуль долар будзе расці да расейскага рубля, чакаць, што ён пачне зніжацца да беларускага, не варта, дадаў эканаміст.

Што датычыць унутрыбеларускіх фактараў, то яны цяпер заўважнага ўплыву на дынаміку курсаў не аказваюць. Але змяніць сітуацыю і прывесці да дадатковага падзення беларускага рубля можа распачынанне Нацбанкам маштабнай эмісіі беларускага рубля. Але пакуль пра гэта толькі вядуцца размовы, а самой эмісіі няма, робіць выснову фінансавы аналітык.

Hавiны
МВФ рэзка пагоршыў прагноз для беларускай эканомікі
2021.04.07 09:32

МГ belsat.eu

Стужка навінаў