Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 7 сакавіка


«Белсат» падводзіць вынікі 377-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 7 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты падчас трэніровак у Запарожскай вобласці, Украіна. 4 сакавіка 2023 года.
Фота: Mustafa Ciftci / Anadolu агенцтва / Anadolu Agency / ABACA Press / Forum

За апошнія содні вайны Збройныя сілы Украіны адбілі больш за 140 атак праціўніка на пяці кірунках на ўсходзе краіны. Між тым інтэнсіўнасць баявых дзеянняў істотна адрознівалася ў залежнасці ад канкрэтнага ўчастку фронту.

На купянскім і ліманскім кірунках – тэрыторыя паўночна-ўсходняй часткі Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай вобласцяў – войскі РФ праводзілі наступальныя дзеянні ў ваколіцах населеных пунктаў Гранікаўка, Неўскае, Белагораўка і Фёдараўка, аднак не змаглі прарваць лінію абароны.

Цяпер баявыя дзеянні працягваюцца ў лясах пад Крэмінной, каля Макееўкі і Плашчанкі. Пры гэтым, паводле аналітыкаў праекту Deepstate, Узброеныя сілы РФ павялічваюць артылерыйскія абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў на гэтым участку фронту.

Кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай назваў сітуацыю на фронце ў рэгіёне стабільнай, паколькі войскі РФ цяпер занятыя папаўненнем рэзерваў для далейшых наступаў.

На бахмуцкім кірунку ў Данецкай вобласці, паводле Генеральнага штабу ЗСУ, расейцы наступалі каля населеных пунктаў Белагораўка, Залізнянскае, Ягаднае, Іванаўскае і Дубова-Васільеўка. Пры чым на апошні населены пункт цягам содняў было здзейснена 37 атак. У гэтым ж час працягваецца штурм самога Бахмуту.

Deepstate піша, што войскі РФ маюць частковы поспех на подступах да Багданаўкі, у зялёнай зоне каля Дубова-Васільеўкі і па трасе на Славянск. У Бахмуце праціўнік займае ніжнюю частку ўсходняга берагу ракі Бахмутаўка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы страляюць на лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 6 сакавіка 2023 года.
Фота: AP Photo / Libkos / East News

Тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе, што ЗСУ ў сваю чаргу контратакуюць на паўднёвым захадзе ад гораду, намагаючыся ўтрымаць дарогу на Канстанцінаўку. Таксама крыніца паведамляе пра назапашванні ўкраінскіх рэзерваў для магчымай спробы дэблакады Бахмуту.

У гэты ж час выведка Вялікай Брытаніі сцвярджае, што ЗСУ ўдалося стабілізаваць абарончы перыметр вакол раённага цэнтру.

На аўдзееўскім і шахцёрскім кірунках расейцы наступалі каля населеных пунктаў Новакалінавае, Краснагораўка, Камянка, Севернае, Первамайскае, Невельскае і Мар’інка.

Тэлеграм-канал «Два майора» заяўляе аб прасоўванні войскаў РФ каля Пабеды і Новаміхайлаўкі.

Цяпер баі працягваюцца каля Краснагораўкі, Вадзянога, Пабеды, Вуглядару і ў Мар’інцы.

Лінія фронту ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца адносна стабільнай.

Пры гэтым ёсць паведамленні аб чарговай няўдалай спробе ЗСУ высадзіць дэсант на Вялікі Пацёмкінскі востраў і пойме Дняпра.

Украінскае камандаванне паведаміла, што цягам апошніх содняў вайны было знішчана каля 1060 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 154 830 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ТМ belsat.eu

Стужка навінаў