«Гэта акт запалохвання». БАЖ назвала чаканым статус «экстрэмісцкага фармавання»


Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі пракаментаваў «Белсату» пастанову КДБ аб прызнанні БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем». Ён заявіў, што гэта пагоршыць умовы працы беларускіх медыйшчыкаў, аднак сам статус не стаўся нечаканым.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Менск, Беларусь. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

КДБ абвесціў Беларускую асацыяцыю журналістаў «экстрэмісцкім фармаваннем». Гэтую пастанову, як сёння паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна», сілавое ведамства ўхваліла 28 лютага.

Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі ў каментары «Белсату» адзначыў, што арганізацыя, нягледзячы на новы статус, працягне падтрымоўваць беларускіх журналістаў, дзе б яны ні знаходзіліся:

«На жаль, такія рашэнні робяць працу незалежных журналістаў у Беларусі яшчэ больш складанай, бо гэтыя рашэнні дадаюць страху і небяспекі для працы любых медыйшчыкаў у Беларусі. У цяперашніх умовах публічна называць сябе прадстаўніком БАЖ дакладна ніхто не павінен унутры Беларусі».

Гарэцкі нагадаў, што кіраўніцтва арганізацыі вымушана з’ехала з Беларусі яшчэ ў 2021 годзе:

«Кіраўніцтва арганізацыі знаходзіцца за мяжою і працягне сваю працу для незалежнага медыясектару, для асобаў за кратамі, для тых, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў. Але гэта, натуральна, пагаршае ўмовы працы беларускіх медыйшчыкаў, бо гэта акт запалохвання і акт абмежавання правоў і магчымасцяў калегаў».

Суразмоўца «Белсату» прызнаў, што статус «экстрэмісцкага фармавання» не стаўся нечаканым: «Мы разглядалі такі варыянт, што раней ці пазней гэта адбудзецца. У сённяшняй карціне гэта чакана».

Беларуская асацыяцыя журналістаў заснаваная ў 1995 годзе. У 2021-м суддзя Вярхоўнага суда Інэса Лазавікова пастанавіла зліквідаваць арганізацыю на патрабаванне міністэрства юстыцыі.

БАЖ – сябра Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацыяў журналістаў і лаўрэат Сусветнай прэміі UNESCO. У арганізацыі больш за 1300 сябраў.

Hавiны
Беларускую асацыяцыю журналістаў абвясцілі «экстрэмісцкім фармаваннем»
2023.03.07 12:33

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў