Слоўнік Пуціна. Якімі словамі Крэмль тлумачыць вайну з Украінай і што за гэтым стаіць


Belsat.eu разбіраўся ў галоўных панятках, якія выкарыстоўвае Уладзімір Пуцін і крамлёўская прапаганда, апраўдваючы вайну супраць Украіны.

Мітынг супраць вайны ва Украіне каля расейскай амбасады ў Варшаве. Надпіс на плакаце: забойца.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Адзін народ» і «Украіна імя Леніна»

Пуцін і крамлёўская прапаганда традыцыйна карыстаюцца наратывам, у адпаведнасці з якім расейцы і ўкраінцы – гэта адзін народ, а сучасная Украіна – штучнае ўтварэнне, якое стала вынікам падкопаў ворагаў Расеі і недальнабачнай палітыкі бальшавікоў. Гэтыя тэзісы Пуцін падрабязна выклаў яшчэ ў праграмным артыкуле «Аб гістарычным адзінстве рускіх і ўкраінцаў» у ліпені 2021 года. Тыя ж аргументы ён паўтараў і перад пачаткам поўнамаштабнага ўварвання.

«У выніку бальшавіцкай палітыкі і ўзнікла Савецкая Украіна, якую і ў нашы дні можна з поўнай падставай назваць Украінай імя Уладзіміра Ільіча Леніна. Ён яе аўтар і архітэктар», – заявіў Пуцін 21 лютага.

Гэтыя тэзісы не адпавядаюць рэчаіснасці, але такім чынам Пуцін падводзіў да думкі, што сённяшняя Украіна наогул не ёсць паўнавартаснай дзяржавай. Украінскія тэрыторыі Пуцін лічыць з гістарычнага пункту гледжання расейскімі, пра што ён казаў у прамове 24 лютага. Такі імперскі погляд на гісторыю стаў сапраўднай ідэалагічнай асновай цяперашняй вайны.

Аналітыка
Крах бліцкрыгу, бамбаванне гарадоў і беспрэцэдэнтныя санкцыі. Што адбылося за першыя 10 дзён вайны
2022.03.05 18:08

«Кіеўская хунта»

Прапагандысцкае клішэ пра «кіеўскую хунту», якая нібыта захапіла ўладу ва Украіне пасля Еўрамайдану, выкарыстоўваецца Крамлём з 2014 года. Для Пуціна гэтае клішэ не страціла актуальнасці і сёння: калі ён абвяшчаў вайну, то зноў згадаў пра «антынародную хунту».

Тэрмін «хунта» звычайна выкарыстоўваецца ў дачыненні рэжымаў, дзе сілавікі гвалтоўна захапілі ўладу і кіруюць дыктатарскімі метадамі пры дапамозе тэрору. Да ўладаў Украіны гэты панятак не мае аніякага дачынення.

Па-першае, ні Уладзімір Зяленскі, ні ягоны папярэдніх Пятро Парашэнка не захоплівала ўлады – яны перамаглі на дэмакратычных выбарах. Зяленскі ў другім туры выбараў 2019 года атрымаў 73,22 % галасоў. Ён перамог не толькі ў краіне агулам, але і ва ўсіх рэгіёнах, акрамя Львоўскай вобласці. Законнасці гэтых вынікаў ніхто не аспрэчваў. Нават пасля пачатку расейскага ўварвання ў Крамлі не ставяць пад сумнеў легітымнасці Зяленскага як кіраўніка дзяржавы.

Рабочая паездка Уладзіміра Зяленскага ў Харкаўскую і Данецкую вобласці. 6 снежня 2021 года.
Фота: president.gov.ua

Па-другое, ва Украіне ніколі не было панавання сілавікоў на ключавых дзяржаўных пасадах. Сілавымі ведамствамі кіруюць людзі цывільныя. Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў, кіраўнік МУС Дзяніс Манастырскі і старшыня СБУ Іван Баканаў – юрысты, якія да свайго прызначэння ніколі не працавалі ў спецслужбах і сілавых ведамствах.

«Спецаперацыя дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі»

Вайну супраць Украіны ў Крамлі называюць «спецыяльнай аперацыяй дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі». Спецаперацыя – гэта звычайны эўфемізм, які выкарыстоўваецца замест слова «вайна», каб супакоіць грамадства і схаваць рэальныя маштабы баявых дзеянняў.

«Дэмілітарызацыя» і «дэнацыфікацыя» – гэта афіцыйны заяўленыя мэты вайны. Але фактычна гаворка ідзе пра пустую прапагандысцкую абстракцыю, якую патлумачыць немагчыма.

Кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што параметры «дэмілітарызацыі» яшчэ будуць узгадняцца, але ва Украіне «не павінна быць увогуле ніякіх узбраенняў, якія могуць пагражаць бяспецы РФ». Якое ўзбраенне маецца на ўвазе, Лаўроў не ўдакладніў. Ядравай, хімічнай і біялагічнай зброі ва Украіне няма. А паводле звычайных відаў узбраення патэнцыял дзяржаваў проста несупастаўны: украінская армія колькасна ў чатыры разы меншая за расейскую, Украіна мае ў пяць разоў менш танкаў, артылерыі і ракетаў, у дзясяткі разоў менш авіяцыі і вайсковых караблёў.

З «дэнацыфікацыяй» усё не менш складана. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што мэта «спецаперацыі» – ачышчэнне Украіны ад «па-пранацысцку настроеных людзей і ідэалогіі». Пуцін казаў пра «радыкалаў» ва ўкраінскім урадзе. Але хто гэтыя людзі і ад якой ідэалогіі Украіне трэба ачысціцца – так ніхто і не патлумачыў.

Цэнтр Харкава пасля ракетнага абстрэлу расейскімі войскамі. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: ПД / Белсат

Насамрэч Украіна – дэмакратычная краіна, дзе дзяржаўнай ідэалогіі не існуе ў прынцыпе. Ва ўрадзе і парламенце Украіны няма не толькі нацыстаў, але і прадстаўнікоў нацыяналістычных партыяў. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі мае габрэйскія карані і да пачатку сваёй палітычнай кар’еры вельмі рэдка выкарыстоўваў украінскую мову. Большасць у парламенце займаюць прадстаўнікі партыі Зяленскага «Слуга народу», ідэалогія якой блізкая да лібералізму.

Нацыяналістычныя партыі і рухі ва Украіне існуюць, але яны не маюць уплыву на палітычную сістэму краіны. Кандыдат ад нацыяналістаў на апошніх прэзідэнцкіх выбарах набраў 1,6 % галасоў, а на парламенцкіх выбарах кааліцыя нацыяналістаў атрымала толькі 2,15 % галасоў і не прайшла ў Вярхоўную Раду. Парадокс у тым, што да Еўрамайдану папулярнасць правых была вышэйшая – напрыклад, падчас парламенцкіх выбараў 2012 года нацыяналістычная партыя «Свабода» атрымала 10,44 % галасоў.

Абяцанні аб непашырэнні NATO

Абвяшчаючы вайну Украіне ў ноч на 24 лютага, Уладзімір Пуцін чарговы раз спаслаўся на «абяцанні нашай краіне не пашыраць ні на адну цалю NATO на ўсход». Паводле яго, Расею нібыта падманулі, «проста кінулі».

Гэты аргумент Крэмль і дзяржаўная прапаганда выкарыстоўваюць дзесяцігоддзямі, але наўрад ці расейцы, якія вераць прапагандзе, ведаюць перадгісторыю гэтага міфу.

Тэма непашырэння NATO абмяркоўвалася на пачатку 1990-х у кантэксце аб’яднання Нямеччыны пасля завяршэння халоднай вайны. У лютым 1990 года дзяржаўны сакратар ЗША Джэймз Бэйкер сустрэўся ў Маскве з прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым. Падчас перамоваў Бэйкер у якасці аднаго з варыянтаў развіцця падзеяў сапраўды заявіў, што, калі Нямеччына далучыцца да NATO, то Альянс не прасунецца «ні на адну цалю» на ўсход.

Гэтая ідэя была выключна ініцыятывай Бэйкера: калі дзяржсакратар вярнуўся ў ЗША, то тагачасны прэзідэнт Джордж Буш не падтрымаў такога падыходу. Ніякіх юрыдычна значных гарантыяў Бэйкер Крамлю не даваў, у дамовах абяцанне замацаванае не было. Разумелі гэта і ў Маскве, таму працягвалі абмяркоўваць адпаведнае пытанне і ў далейшым. Няма падставаў казаць пра тое, што кіраўніцтва СССР прымала рашэнні, грунтуючыся на словах Бэйкера.

Баец сілаў тэрытарыяльнай абароны Кіеву.
Фота: МП / Белсат

Значэнне асобных заяваў палітыкаў добра ілюструе эпізод 1993 года. Тады прэзідэнт РФ Барыс Ельцын пасля сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Лехам Валэнсам заявіў, што Расея не супраць далучэння Польшчы да NATO. Але неўзабаве Масква гэтую заяву дэзавуявала.

Што да канкрэтных дакументаў, то ў 1997 годзе Ельцын падпісаў Асноватворны акт Расея – NATO. Ніякіх гарантыяў там не было: дакумент не забараняў пашырэння Альянсу на ўсход.

Чырвоныя лініі

У сваіх прамовах Пуцін неаднойчы казаў пра «чырвоныя лініі», пад якімі меліся на ўвазе пытанні аб непашырэнні NATO на Усход і гарантыях недалучэння да Альянсу Украіны. У снежні 2021 года Масква афіцыйна запатрабавала ад Захаду адпаведных «гарантыяў бяспекі». У тым ліку Расея настойвала на тым, каб NATO адвялі ўсю вайсковую інфраструктуру ў Еўропе на пазіцыі 1997 года (то бок сярод іншага сышлі з Польшчы і краінаў Балтыі).

«Паўночнаатлантычны альянс тым часам, нягледзячы на ўсе нашыя пратэсты і заклапочанасці, няўхільна пашыраецца. Вайсковая машына рухаецца і набліжаецца да нашых межаў ушчыльную», – заявіў Пуцін 24 лютага. Ён падкрэсліў, што NATO пачало асваенне тэрыторыі Украіны і заявіў, што такім чынам Захад перайшоў «чырвоную лінію».

Насамрэч імклівае набліжэнне NATO да межаў Расеі – гэта чарговая прапагандысцкая спекуляцыя. Расея і так непасрэдна мяжуе з чатырма краінамі NATO (Эстонія, Латвія, Літва, Польшча). Ад эстонскай Нарвы да другога паводле велічыні расейскага гораду Санкт-Пецярбургу ўсяго 135 км. Такі стан рэчаў захоўваецца ўжо 18 гадоў, пасля таго, як у 2004-м краіны Балтыі далучыліся да NATO. З таго часу Альянс ва Усходняй Еўропе не пашыраўся.

Украіну ніхто ў агляднай будучыні далучаць да Альянсу не збіраецца, што зноў пацвердзіў канцлер Нямеччыны Оляф Шольц у лютым 2022 года. Базаў NATO ва Украіне няма.

Кіеўскі батальён тэрытарыяльнай абароны і вайскоўцы дапамагаюць мірным жыхарах эвакуявацца з гораду Ірпінь недалёка ад украінскай сталіцы, які ўвесь час застаецца пад абстрэламі расейскіх самалётаў.
Фота: МП / Белсат

Вайсковую інфраструктуру і армейскі кантынгент ва ўсходнееўрапейскіх краінах – чальцах NATO Альянс за апошнія гады сапраўды ўзмацніў, але гэтыя захады былі прынятыя ў адказ на анексію Крыму і вайну на Данбасе. Прычым павелічэнне вайсковай прысутнасці ў Польшчы і краінах Балтыі было хутчэй сімвалічным – агулам гаворка ідзе пра групоўку 5 тысяч чалавек, якая дзейнічае на ратацыйнай аснове. Пры тым, што расейская армія складае 850 тысяч чалавек.

«Генацыд народу Данбасу»

Крэмль заяўляе, што на Данбасе 8 гадоў адбываўся генацыд расейскамоўнага насельніцтва, і гэтыя злачынствы трэба было спыніць. Але насамрэч ніякага генацыду не было.

Вайна на Данбасе ў 2014 годзе была развязаная Расеяй, якая накіроўвала туды сваіх баевікоў, зброю і грошы, а таксама непасрэдна задзейнічала расейскую армію ў ваенных аперацыях супраць Украіны. У выніку баявых дзеянняў мірныя жыхары гінулі па абодва бакі фронту, але няма ніякіх падставаў казаць, што адбываліся этнічныя чысткі, пераслед расейскамоўных або мэтанакіраваныя артылерыйскія ўдары па цывільных з боку Украіны. Разам з тым ёсць нямала звестак пра тое, што прарасейскія баевікі самі абстрэльвалі жылыя кварталы населеных пунктаў, якія заставаліся пад кантролем «ЛДНР», каб выклікаць нянавісць насельніцтва да Украіны, а таксама выкарыстоўвалі тактыку «жывога шчыта». Акрамя таго, баевікі ўсляпую абстрэльвалі падкантрольныя ўкраінскім уладам гарады, што таксама прыводзіла да гібелі сярод цывільных.

Данецк, Украіна.
Фота: Stringer / Белсат

Аднак галоўны парадокс, якога ніяк не тлумачыць расейская прапаганда, палягае на тым, што міфічны генацыд чамусьці закранае выключна падкантрольныя баевікам тэрыторыі. Большасць Луганскай і Данецкай вобласцяў з 2014 да 2022 года заставалася пад кантролем уладаў Украіны, але там расейскамоўных ніхто не пераследаваў і не абмяжоўваў у правах.

Сусветная супольнасць лічыць заявы Масквы пра генацыд абсалютна беспадстаўнымі. Таго ж меркавання прытрымліваюцца і навукоўцы. Даследнікі тэмы генацыду і нацызму пасля пачатку вайны выпусцілі адмысловую заяву, у якой абвінавацілі Расею ў злоўжыванні гэтымі тэрмінамі. Яны падкрэсліваюць, што заявы пра «генацыд» не пацвярджаюцца аніякімі фактамі.

Інтэрв’ю
Да беларусаў пачынаюць ставіцца з нянавісцю. Як быць? Размова з пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам
2022.03.06 04:11

РР belsat.eu

Стужка навінаў