Кіраўніка ўкраінскага Гастомэлю забілі, калі ён раздаваў хлеб і лекі


Гастомэльская сельская рада Кіеўскай вобласці паведаміла пра забойства расейскімі вайскоўцамі свайго кіраўніка – Юрыя Прылыпкі.

Юрый Прылыпка.
Фота: Гостомельська селищна рада / Facebook

«Старшыня Гастомэльскай грамады Юрый Ілліч Прылыпка загінуў, раздаючы хлеб галодным і лекі хворым, суцяшаючы засмучаных ізаспакойваючы тых, хто ў роспачы. За гэта яго разам з субратамі Русланам Карпенкам і Іванам Зораю застрэлілі акупанты», – гаворыцца ў паведамленні.

Баі за аэрапорт «Антонаў» пад Гастомэлем ішлі практычна з самага пачатку вайны Расеі з Украінай. Сітуацыя ў паселішчы застаецца напружанай і цяпер. Акрамя таго, у Бучы, і ў Ірпіні, і ў Гастомэлі няма вады і электрычнасці.

Гастомэль, Буча, Ірпінь сёння становяцца другім данецкім аэрапортам, сказаў міністр унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі.

«Гэтыя гарады суперніку вельмі важна захапіць. Мы адбіваем іх. Пастаянна вядуцца баі ў горадзе. Ёсць загінулыя і параненыя. Але мы іх трымаем і не даем падысці да Кіева так, як хацеў бы супернік яшчэ 5 дзён таму», – паведаміў ён.

Як заявіў мэр Кіева Віталь Клічко, «пад Кіевам працягваюцца лютыя баі. З асаблівай лютасцю вораг знішчае Бучу, Гастомэль, Ворзэль, Ірпінь. Мэтанакіравана забівае мірных жыхароў».

ПС belsat.eu

Стужка навінаў