Беларусам ва Украіне заблакавалі банкаўскія карты. Што можна зрабіць?


Банкі Украіны заблакавалі ўсе карты, выдадзеныя грамадзянам Беларусі, а некаторыя нават спісалі наяўныя там сродкі. У банках заяўляюць, што разблакуюць рахункі, калі ўладальнікі памяняюць рэзідэнцтва, але нават у гэтым выпадку вярнуць грошы не абяцаюць.

Мужчына пераходзіць трамвайныя каляіны ў Кіеве. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: Валянцін Агірэнка / Reuters / Forum

Карты заблакаваныя

Пра тое, што карткі, выдадзеныя ўкраінскімі банкамі, заблакаваныя, распавядаюць усе беларусы, якія жывуць ва Украіне. «Мае карткі «Прыватбанку» заблакаваныя, мае беларускія карты тут не працуюць. У мяне ёсць пэўная сума наяўных у грыўнях, і атрымалася па вялікім курсе памяняць трошкі еўраў. Думаю, што тут я працягну, але, відавочна, што выехаць з гэтымі грашыма ў мяне не атрымаецца», – распавёў беларус, журналіст і блогер Васіль Ядчанка, які застаецца ў Кіеве. Высвятляць у банку лёс свайго рахунку ён не спрабаваў – «аддзяленне паблізу не працуе, да астатніх не дабрацца».

У такой жа сітуацыі апынуўся і вядомы беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук. Ён таксама жыве ў Кіеве. У яго картка таго ж «Прыватбанку» і яна таксама заблакаваная. «Не, сродкі з яе не спісаныя», – удакладніў суразмоўца «Белсату». Эканаміст не бачыць нічога надзвычайнага ў гэтай сітуацыі. «Пачынаецца вайна, пачынаюцца валютныя і грашовыя абмежаванні, на здыманне валюты, на правядзенне розных фінансавых аперацыяў. Гэта лагічнае дзеянне, Нацыянальны банк пра гэта папярэджвае», – кажа Яраслаў Раманчук.

Кіеў, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Раманчук мяркуе: для таго, каб растлумачыць сітуацыю і разблакаваць картку, трэба пайсці ў банк, але ў яго самога пакуль да гэтага «не дайшлі рукі». «Я не чуў такога выпадку, каб з карткі ў кагосьці спісалі грошы без яго ведама і згоды. Усё-ткі права ўласнасці ніхто не адмяняў. Калі чалавек не злачынец, не заўважаны ў актыўнай падтрымцы акупанта і агрэсара, то, натуральна, ніхто гэтага рабіць не будзе», – упэўнены Раманчук.

«Сёння ўсе стрыманыя і ўсе разумеюць, што гэта рэжым ваеннага становішча», – адзначае ён. Эканаміст упэўнены, што ўсе законна заробленыя грошы вернуцца іх уладальнікам, а пасля заканчэння вайны «Украіну чакае вельмі дынамічны, магутны план Маршала», і яна зможа хутка пераадолець эканамічныя наступствы вайны.

«Пра вяртанне грошай гаворкі не было»

Аднак іншая наша суразмоўца сцвярджае, што Яраслаў Раманчук не зусім мае рацыю. «Белсат» пагаварыў з беларускай Аленай, у якой з яе карткі ўкраінскага «Укрсиббанк» спісалі 2000 долараў і 3000 грыўняў. Спроба звязацца з банкам і высветліць сітуацыю станоўчага выніку не прынесла. Там спаслаліся на рашэнне Нацбанку, якое загадвае банкам заблакаваць усе карткі, якія належаць грамадзянам Расеі і Беларусі, незалежна ад іх паходжання. «У нас была доўгая перапіска, сутнасць якой у тым, што гэта зроблена па рашэнні Нацбанку. Мне сказалі, што калі вы прыйдзеце асабіста ў аддзяленне банку і прынесяце дакументы, якія пацвярджаюць, што вы не з’яўляецеся рэзідэнтам Беларусі, тады ваш рахунак разблакуюць, але пра вяртанне грошай гаворкі не было», – распавяла Алена. Ніякіх аргументаў пра тое, што яна жыве ва Украіне даўно і мае від на жыхарства ў гэтай краіне, там слухаць не сталі. Са словаў Алены, гаворка ідзе не аб падатковым рэзідэнцтве. «Я не павінна быць грамадзянкай Беларусі», – сказала яна. Паводле Алены, з такой сітуацыяй сутыкнуліся ўсе яе знаёмыя беларусы. Паводле яе назіранняў, адразу спісваць грошы беларусаў кінуліся прыватныя банкі, тады як дзяржаўныя іх проста заблакавалі.

Пустыя паліцы кіеўскай крамы, Украіна. 28 лютага 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Нацбанк Украіны дазволіў не абслугоўваць беларусаў

На сайце Нацыянальнага банку Украіны ёсць пастанова № 18 ад 24 лютага 2022 года «Аб працы банкаўскай сістэмы ў перыяд увядзення ваеннага становішча». Сярод іншага, там ёсць пункты якія забараняюць «здзяйсненне якіх-небудзь валютных аперацый 1) з выкарыстаннем расейскіх і беларускіх рублёў; 2) удзельнікам якіх з’яўляецца юрыдычная або фізічная асоба, якая мае месцазнаходжанне (зарэгістравана/пастаянна пражывае) у Расейскай Федэрацыі або ў Рэспубліцы Беларусь; 3) для выканання абавязкаў перад юрыдычнымі або фізічнымі асобамі, якія маюць месцазнаходжанне (зарэгістраваныя/пастаянна пражываюць) у Расейскай Федэрацыі або Рэспубліцы Беларусь».

На думку Яраслава Раманчука, гэтыя нормы ніяк не рэгламентуюць не тое што спісанне грошай, але нават і блакаванне рахункаў. «Гэта тычыцца толькі вываду грошай», – упэўнены эксперт.

«Тут гаворка ідзе пра аперацыі ў беларускіх і расейскіх рублях, яны забароненыя. Зразумела, і юрыдычным асобам, калі яны зарэгістраваныя ў РБ або РФ, то таксама аперацыі забароненыя. Сітуацыя з фізічнымі асобамі не зусім зразумелая. Што значыць месцазнаходжанне? А калі беларус з украінскай банкаўскай карткай знаходзіцца ў Польшчы? У яго таксама блакуецца карта? Там не напісана, што гаворка ідзе пра грамадзянаў гэтых краінаў», – пракаментавала дакумент старэйшая навуковая супрацоўніца BEROC (Кіеў) Анастасія Лузгіна.

Hавiны
Сэрвіс «Revolut» перастаў пераводзіць грошы ў Расею і Беларусь
2022.03.04 17:15

Юрыдычны аспект сітуацыі з карткамі беларусаў мы папрасілі пракаментаваць адваката Антона Гашынскага. «Украінскім банкам забароненыя ўгоды з расейскімі і беларускімі рублямі і нават аперацыі, удзельнікі якіх – юрыдычныя або фізічныя асобы, якая знаходзіцца ў РФ або Беларусі. Таксама забаронена выкананне абавязкаў перад такімі асобамі», – пракаментаваў ён вышэйзгаданую пастанову № 18 Нацбанку Украіны. У той жа час, на думку адваката, спісваць грошы з рахункаў банк не меў права «нават паводле законаў ваеннага часу». «Замарозіць – так, спісаць – не», – сказаў Антон Гашынскі.

Нацбанк просяць адкарэктаваць рашэнне

Беларусы, якія жывуць ва Украіне, пішуць у сацсетках пра тое, што яны звяртаюцца ў Нацбанк з просьбай унесці змены ў гэтае рашэнне. «З прычыны гэтага рашэння або яго свабоднай інтэрпрэтацыі банкаўскім сектарам Украіны, тысячы супрацоўнікаў украінскіх кампаній і дырэктараў прадпрыемстваў, створаных грамадзянамі Беларусі, якія пражываюць ва Украіне на законных падставах і ўцягнутыя ў эканамічнае жыццё Украіны, засталіся без легальных сродкаў для існавання, магчымасці весці гаспадарчую дзейнасць, выплачваць заработную плату супрацоўнікам, у тым ліку грамадзянам Украіны, магчымасці фінансава падтрымліваць Узброеныя сілы Украіны і ініцыятывы тэрытарыяльнай абароны», – гаворыцца ў лісце беларусаў на адрас Нацбанку Украіны. Яны просяць адмяніць блакаванне картаў для тых, хто легальна жыве на тэрыторыі Украіны на падставе віду на жыхарства.

Тым больш, што такі досвед рашэння праблемы ўжо ёсць. Літоўская плацежная сістэма «Paysera» таксама заблакавала рахункі ўладальнікаў беларускіх пашпартоў. Аднак яна дала беларусам шанец вярнуць і рахункі, і грошы. Карыстальнікі сістэмы распавялі «Белсату», што атрымалі паведамленне, у якім іх просяць пацвердзіць легальнасць перабывання «на тэрыторыі іншай краіны» да 1 траўня. Дакументамі, якія гэта пацвярджаюць, могуць быць від на жыхарства, працоўны дагавор, віза. Калі нашы суайчыннікі – карыстальнікі «Paysera» не пацвердзяць легальнасці свайго перабывання, то рахунак будзе закрыты.

Hавiны
Украіна пераводзіць эканоміку на ваенныя рэйкі
2022.03.06 12:22

АС/ІР belsat.eu

Стужка навінаў