Выкінутых з распаўсюду часопісаў за два дні прадалі больш, чым за месяц


Беларусы праявілі салідарнасць. Дзяржаўны манапаліст «Белсаюздрук» практычна забараніў распаўсюд беларускамоўнага часопісу «Наша гісторыя», а таксама дзіцячых выданняў «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!». У выніку выдаўцы вырашылі прадаваць часопісы ў рэдакцыі, каля якой адразу ж паўсталі чэргі.

Прадаваць часопісы ў рэдакцыі «Наша Ніва» плануе два дні штомесяц. Апроч таго, можна аформіць падпіску. Калі «Белпошта» таксама адмовіцца ад супрацы, рэдакцыя плануе аднавіць уласную сістэму дастаўлення.

Першы досвед продажу выданняў у рэдакцыі быў надзвычай станоўчы, кажа рэдактар часопісаў «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!» Андрэй Дынько.

«Дзякую ўсім, хто прыйшоў набыць «Нашу гісторыю», «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!». За два дні мы прадалі больш часопісаў, чым звычайна за месяц. У касавым апараце скончыўся запас стужкі, тры разы пазычалі ў суседніх крамах. Гэта было прыгожа, столькі салідарнасці ў нашым народзе цяпер. У выніку, насуперак тым, каго Янка Купала называў «ворагамі беларушчыны», у часопісаў зʼявяцца новыя чытачы, якія раней і не ведалі пра іх».

Часопіс «Наша гісторыя».
Фота: nn.by

Кіраўніцтва «Нашай нівы», якая выдае часопіс «Наша гісторыя», а таксама дзіцячыя выданні «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!», лічыць спыненне супрацы палітычнаю пастановаю дзяржаўных органаў.

Гэта фактычна працяг ціску на незалежныя выданні. З лютага ў шапіках «Белсаюздруку» не прадаюць газету «Новы час». Летась праз палітычны ціск і фінансавыя праблемы, выкліканыя дзеяннямі ўладаў, спынілі працу шэсць недзяржаўных газетаў.

Аб’ектыў
Баронім «Нашу гісторыю» разам
2021.03.06 22:23

СК belsat.eu

Стужка навінаў