У сакавіку пройдуць супольныя вучэнні вайскоўцаў Расеі і Беларусі


Двое супольных расейска-беларускіх тактычных вучэнняў Паветрана-дэсантных войскаў Расеі і Сілаў спецыяльных аперацыяў узброеных сілаў Беларусі пройдуць у сакавіку гэтага года, паведамілі ў Мінабароны Расеі.

Супольныя вучэнні плануюць правесці на палігоне «Асіповіцкі» ў Менскай вобласці і на палігоне «Паліўно» ва Ульянаўскай вобласці Расеі.

Першыя ў 2021 годзе супольныя расейска-беларускія тактычныя вучэнні, прысвечаныя міратворчай тэматыцы, пройдуць з 9 да 20 сакавіка на расейскай тэрыторыі: 9 сакавіка плануецца прыбыццё войскаў з Беларусі, а з 16 да 19 сакавіка – актыўная фаза вучэння.

«Агулам у вучэннях будзе задзеяна больш за 400 вайскоўцаў і каля 100 адзінак баявой і спецыяльнай тэхнікі Ульянаўскага злучэння, ад беларускага боку – больш за 80 вайскоўцаў асобнага гвардзейскага дэсантна-штурмавога злучэння Сілаў спецыяльных аперацыяў.

Акрамя таго ў вучэннях будуць задзеяныя 2 ударныя верталёты Мі-24 і 6 транспартна-баявых верталётаў Мі-8АМТШ Цэнтральнай вайсковай акругі», – паведамілі ў вайсковым ведамстве.

Паралельна вучэнні пройдуць з 15 да 27 сакавіка на палігоне «Асіповіцкі» ў Менскай вобласці.

Ад Расеі ў вучэннях прымуць удзел каля 90 вайскоўцаў гвардзейскага Чарнаморскага дэсантна-штурмавога палка Пскоўскага гвардзейскага злучэння ВДВ. Ад ССО Узброеных сілаў Беларусі – больш за 400 чалавек асабовага складу і каля 100 адзінак баявой і спецыяльнай тэхнікі Віцебскага асобнага гвардзейскага паветрана-дэсантнага злучэння.

АД, belsat.eu

 

 

 

Стужка навінаў