Студэнтам, якіх затрымалі на прафсаюзнай сустрэчы, далі 15 содняў арышту


У пятніцу, 5 сакавіка, прадстаўнікі сілавых структураў перапынілі мерапрыемства зарэгістраванага Свабоднага прафсаюзу Беларусі і Студэнцкай прафсаюзнай арганізацыі «ЛІСА» ў бізнес-клубе Imaguru і затрымалі каля 30 чалавек. Большую частку з іх адпусцілі, аднак чатырох студэнтаў накіравалі ў ЦІП.

Сёння, у нядзелю, справы студэнтаў разгледзел на пасяджэннях у судах Кастрычніцкага і Цэнтральнага раёнаў Менску. Усіх студэнтаў арыштавалі за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органу паводле арт. 24.3 КаАП.

Уладзіславу Калькову, Сафіі Маргуновай і Станіславу Сенюкевічу далі 15 содняў арышту кожнаму. Крысціна Міраненка арыштаваная на 14 содняў.

Сярод удзельнікаў мерапрыемства і затрыманых былі члены асноўнага складу Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў і Віталь Рымашэўскі, які пракаментаваў гэтыя падзеі:

«Тое, што адбылося, гэта не проста беззаконне, а яшчэ і вялікае глупства, бо прафсаюз дзейнічае выключна ў легальным полі».

У Каардынацыйнай радзе паведамілі, што Свабодны прафсаюз Беларускі разам з адвакатамі будзе абскарджваць гэтыя рашэнні. Усю інфармацыю перададуць у міжнародныя арганізацыі, у тым ліку і ў Міжнародную арганізацыю працы.

Абноўлена
На паседжанне Лігі студэнцкіх аб’яднанняў Свабоднага беларускага прафсаюзу прыйшлі сілавікі ў масках
2021.03.05 19:43

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў