Праваабаронцы паінфармавалі спецдакладчыкаў ААН пра 90-содневы арышт гамяльчанкі


Праваабаронцы «Вясны» паінфармавалі спецыяльных дакладчыкаў ААН аб факце шматразовага і паслядоўнага прызначэння адміністратыўнага арышту за ўдзел у мірных акцыях пратэсту жыхарцы Гомля Анастасіі Перавошчыкавай, – паведамляецца на сайце праваабарончай арганізацыі.

Пераслед дзяўчыны пачаўся пры канцы студзеня 2021 года, калі ў ейным тэлефоне знайшлі ў асабістым ліставанні здымак з бел-чырвона-белым сцягам. Тады суд пакараў дзяўчыну арыштам на 15 содняў, аднак гэтым усё не скончылася. Да гэтага часу Анастасію судзілі не менш за шэсць разоў, а агульная колькасць прызначаных содняў арышту дасягнула 90. Таксама паводле месца жыхарства дзяўчыны і ў доме ейнага дзядулі былі праведзеныя ператрусы, у выніку якіх канфіскаваная ўся тэхніка.

Са словаў маці Анастасіі, пераслед ейнай дачкі пачаўся праз тое, што яна распрацавала макет сцяга Навабеліцкага раёну Гомля. Таксама дзяўчыну вінавацяць ва ўдзеле не менш як у дзесяці мірных акцыях пратэсту.

Анастасія Перавошчыкава.
Фота: flagshtok.info

З гэтай нагоды праваабаронцы «Вясны» звярнуліся да спецыяльнага дакладчыка ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, спецыяльнага дакладчыка ў пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў Клемана Ньялетсосі Вуля і спецыяльнага дакладчыка ў пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан.

«З 8 лютага і да сённяшняга дня Анастасія Перавошчыкава застаецца ў зняволенні за рэалізацыю сваіх правоў на мірны сход і выказванне меркавання», – адзначаецца ў паведамленні да спецыяльных працэдураў ААН.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што такога кшталту практыка прымянення нормаў КаАП ёсць заганнай, мае палітычна матываваны характар і ўжываецца, каб аказаць ціск на Анастасію Перавошчыкаву.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў