Былы працаўнік Адміністрацыі прэзідэнта звярнуўся да работнікаў дзяржкіравання


Былы работнік адміністрацыі Лукашэнкі Арцём Праскаловіч, які звольніўся на знак пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў, падпісаў адкрыты ліст работнікаў дзяржаўнага кіравання і звярнуўся да былых калегаў.

У звароце Праскаловіч распавёў, чаму сышоў з структуры, што адчуваў пасля галасавання на прэзідэнцкіх выбарах і пра цяжкасці выбару. Таксама ён звярнуўся да былых калегаў з просьбай не быць датычным да дзеянняў рэжыму, прыкласці намаганні, каб супрацьстаяць беззаконню і спробе пазбавіць будучага цэлую краіну:

«Не важна, ці падтрымліваеце вы дзейныя ўлады. Проста адкажыце сабе: ці законна ўжываць упяцёх спецсродкі да аднаго чалавека, які не замахваецца, не пагражае, а ляжыць і плача ад болю? Ці законна ганяцца за пратэстоўцамі на аўтамабілях ДАІ па ходніках? Ці законна страляць у вокны кватэраў, з якіх проста крычаць? Няма законных падставаў для такіх дзеянняў міліцыі і арміі.

Арцём Праскаловіч
Фота: Zviazda.by

Я ведаю, што дзяржслужбоўцы адданыя свайму працадаўцу. Вось толькі ваш наймальнік і дабрадзей – грамадзяне Беларусі. Вашыя пасады і заробкі нікуды не падзенуцца пры змене ўлады. Беларускаму народу і кожнаму прэзідэнту патрэбныя прафесіяналы: юрысты, эканамісты, дыпламаты. Толькі сапраўдны прэзідэнт не будзе вам тыкаць, абражаць, пагражаць, заганяць у перыяд эпідэміі на свае паказальныя выступы, рызыкуючы вашым здароўем і жыццём.

Вы будзеце ганарыцца званнем дзяржаўнага службоўца. Вы будзеце жыць у свабоднай і шчаслівай краіне», – сказана ў звароце.

Праскаловіч адпрацаваў 14 гадоў на дзяржаўнай службе, займаў пасаду намесніка начальніка ўпраўлення заканадаўства ў праваахоўных і вайсковай сферах галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення. Але 13 жніўня ён звольніўся з пасады на знак пратэсту.

Hавiны
«Не быць юрыстам на дзяржаўнай службе». Звольніўся чыноўнік з адміністрацыі Лукашэнкі
2020.08.13 17:38

АД, belsat.eu

Стужка навінаў