Што будзе, калі расейскія войскі застануцца ў Беларусі пасля вучэнняў? Спыталі расейскага і ўкраінскага аналітыкаў


На вучэнні «Саюзная рашучасць – 2022» у Беларусь прыехала шмат вайскоўцаў і тэхнікі – паводле NATO, каля 30 тысяч салдатаў. А калі яны не з’едуць пасля заканчэння вучэнняў, прызначанага на 20 лютага?

Расейскія САУ на станцыі «Берасце-Паўднёвае», 21 студзеня.
Фота: modmilby / Telegram

Расейскія вайсковыя падраздзяленні бачылі не толькі ў раёне палігонаў вучэнняў, а і на паўднёвым усходзе Беларусі, дзе вучэнняў не ладзяць. Пад Рэчыцай заўважылі са спадарожнікавых здымкаў будаўніцтва вайсковага лагера – меркавана, расейскага. Аляксандр Лукашэнка адкрыта разважае пра перспектывы вайны з Украінай. Расейскія войскі застаюцца?

Гэтыя вайскоўцы наўрад ці застануцца, але могуць быць іншыя

Вайсковы аглядальнік расейскай «Новой газеты» Павел Фельгенгаўэр тлумачыць «Белсату»: тыя сілы, якія развярнулі цяпер у Беларусі, дакладна адсюль сыдуць, бо яны з Далёкага Усходу – іх трэба вяртаць дамоў. Ці праўда Беларусь купіць вайсковую тэхніку, як Лукашэнка анансаваў 3 лютага, невядома, але вайскоўцы з Далёкага Усходу мусяць вярнуцца на свае базы, не могуць бясконца жыць адарванымі ад сваіх палкоў.

«Калі будзе нейкае рашэнне аб пастаянным базаванні расейскіх сілаў у Беларусі, то тады трэба будзе перабазаваць туды нейкія часткі і злучэнні аднекуль з Расеі, – кажа Фельгенгаўэр. – Гэта можа быць і Далёкі Усход, хоць наўрад ці: хутчэй, аднекуль з Паволжа. Але гэта будуць зусім іншыя сілы».

Такога рашэння пакуль няма, мяркуе ён. Па ідэі, у Беларусь мусіла б тады выступаць 1-я гвардзейская танкавая армія, утвараць адзіную групоўку з беларускімі ўзброенымі сіламі, але іх вырашылі пакінуць у рэзерве на выпадак, калі іх давядзецца пасылаць на Харкаў ці Крывы Рог, а сілы з Далёкага Усходу Расеі вырашылі паслаць, «каб зэканоміць і сабраць больш моцную групоўку паўднёвей».

Каб склалася такая сістэма з расейскімі войскамі ў Беларусі, трэба спачатку дамовіцца, каб Лукашэнка «пад гэтым падпісаўся», а ён, напэўна ж, баіцца гэта рабіць, бо нават ягоныя прыхільнікі не хочуць акупацыі Беларусі Расеяй. Як паказаў 2014 год, пастаяннае перабазаванне вымагае часу і сілаў. Калі з’явіцца паўнавартасная расейская вайсковая база, то частку персаналу могуць вербаваць у Беларусі – наймаць кантрактнікаў танней, чым везці людзей з Расеі.

Павел Фельгенгаўэр.
Фота: svoboda.org

Цяпер кіраўніцтва Расеі вырашае, ці будзе вялікая вайна, ці не будзе, лічыць Фельгенгаўэр. Калі вырашаць, што будзе, то давядзецца ўмацаваць беларускі ўчастак, бо беларускія войскі наўрад ці ў стане процістаяць той жа Польшчы, чые рэгулярныя сілы ў шмат разоў пераўзыходзяць беларускія. Ды расейскі эксперт чакае, што ў сакавіку кіраўніцтву Расеі прыйдзецца праводзіць дээскалацыю ў сакавіку – і выводзіць вайскоўцаў з беларускіх вучэнняў.

Для Расеі Беларусь цяпер «слабое месца»

«У ваенным сэнсе яна вельмі слабая ў выніку палітычнага крызісу пасля жніўня 2020-га, – кажа Фельгенгаўэр пра Беларусь. – Узброеныя сілы Беларусі адрозніваюцца вялікай слабасцю і няздольнасцю да дзеяння, яны вельмі маленькія. Лукашэнка – чалавек эканомны, ён траціў грошы на тое, каб утрымлівацца ва ўладзе, на спецназ свой, на КДБ, а Узброеныя сілы – за кошт мабілізацыі, калі што».

Лукашэнка выдаткоўваў на абарону вельмі мала грошай: вайсковы бюджэт у раёне 1 % ВУП у краіне з вельмі малым ВУП, адзначае расейскі эксперт. У выніку абаронны бюджэт Беларусі ўдвая меней, чым у Эстоніі, і ў мірны час у Беларусі ўсяго каля 10 тысяч баяздольных салдатаў у нешматлікіх брыгадах.

Hавiны
«Ужо сем гадоў вайна ідзе, чаго баяцца». Рэпартаж з украінска-беларускай мяжы напярэдадні вучэнняў
2022.02.02 21:46

«А праводзіць мабілізацыю… У прынцыпе, мабілізацыю рыхтавалі, рэзервістаў прызывалі, але цяпер іх прызываць нельга, бо калі беларусам раздаваць зброю, незразумела, куды яны яе будуць паварочваць – можа, супраць самога Бацькі», – разважае Фельгенгаўэр.

На ягоную думку, беларуская сістэма абароны практычна рухнула, таму Расеі даводзіцца ўводзіць расейскія сілы праз вайсковую і палітычную слабасць Беларусі – цяпер уводзяць утрая больш, чым Беларусь можа выставіць без мабілізацыі.

А калі перастане быць слабой і застанецца прарасейскай?

Кіраўнік ўкраінскай грамадскай арганізацыі «Цэнтр дастасоўных даследаванняў» Андрэй Каракуц кажа «Белсату», што цяпер запушчаны працэс стварэння расейскай вайсковай інфраструктуры ў Беларусі. Пакуль неафіцыйна, але расейская прысутнасць становіцца пастаяннай.

Цяперашнія навучанні і колькасць расейскіх вайскоўцаў, кажа ён, дэманструе, што фактычна беларускае кіраўніцтва залежнае ад Расеі. А яшчэ ў межах «саюзнай дзяржавы» ўжо было супольнае вайсковае камандаванне Расеі і Беларусі.

«Гэты ўплыў і фактычна перасоўванне расейскіх войскаў на захад – гэта наўпроставая пагроза, па-першае, Украіне, гледзячы на тысячакіламетровую мяжу між дзвюма дзяржавамі, да таго ж слаба абладжаны, – кажа ўкраінскі эксперт. – Па-другое, гэта прамая пагроза і краінам NATO: Польшчы, Літве, так званаму калідору Сувалкі, які дае доступ да Калінінграду».

Андрэй Каракуц на прэзентацыі праекту «Паспорт безпеки України: національний та регіональний виміри». 31 студзеня 2018 года.
Фота: niss.gov.ua

Яшчэ й Лукашэнка кажа, што згодны на размяшчэнне расейскай ядравай інфраструктуры. З ягоных заяваў Каракуц бачыць, што Беларусь ужо не мае права вырашаць, ці будуць сілы на яе тэрыторыі выкарыстаныя для наступальных аперацыяў, а пытанне ў тым, ці будуць да расейскіх наступальных сілаў далучацца беларускія войскі. Другое залежыць ад маральнага стану беларускіх войскаў.

Украіне трэба ўмацоўваць яшчэ адзін вялікі кавалак мяжы

Украіна мяжуе з Расеяй толькі на ўсходзе і ўсходняй палове поўначы, але расейскія войскі знаходзяцца таксама ў акупаваным Расеяй украінскім Крыме і ў малдаўскім Прыднястроўі. Калі расейскія войскі застануцца яшчэ і ў Беларусі, то ва Украіне застанецца не так шмат межаў, дзе не стаяць расейскія вайскоўцы. Што тады?

«Гэта напраўду вельмі вялікая праблема, бо беларускі напрамак даволі слаба абаронены, – адказвае Каракуц. – Там ёсць прыродныя перашкоды, але сама вайсковая інфраструктура неістотная. Трэба ўлічваць, што заўжды лічылася, што на захадзе Украіны ёсць заўсёды тылавыя часткі, стратэгічны тыл у выпадку эскалацыі на Данбасе ці на мяжы з Расейскай Федэрацыяй.

Цяпер мы бачым, што Украіна робіцца ўразлівай і ў гэтым напрамку.

Гэта будзе дужа дорага для нашай эканомікі – разбудоўваць вайсковую інфраструктуры і на гэтай мяжы, перакідаць вайсковыя часці і ўмацоўваць гэтую мяжу, якая існуе толькі на мапе. Для Украіны гэта прадбачылася, але гэта паганае развіццё сітуацыі, калі вялікая колькасць напрамкаў, а з Беларусі паходзіць пагроза сталіцы – Кіеву».

Фота
Масавая вайсковая падрыхтоўка. Як у Кіеве вучаць насельніцтва карыстацца зброяй
2022.02.07 12:17

АА belsat.eu

Стужка навінаў