Пенсіянерцы з Ваўкавыску прысудзілі 2,5 года калоніі за каментары ў Telegram


Берасцейскі суд 7 лютага асудзіў да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму 69-гадовую пенсіянерку з Ваўкавыску Галіну Міхальчук за каментары ў Telegram, паведамляюць праваабаронцы.

Галіну Міхальчук узялі пад варту ў залі суда. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў крымінальнага кодэксу: ч.2 арт.367 КК («Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), ч.1 арт.368 КК («Абраза Прэзідэнта») і арт.369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі шляхам частковага складання пакаранняў. Менавіта такое пакаранне запрасіла пракурорка Ала Кузьма. Таксама яна папрасіла павялічыць пакаранне да 2,5 гадоў пазбаўлення волі праз тое, што абвінавачаная ўжо адбывае пакаранне паводле арт.369 КК

Суддзя Андрэй Талочка і пракурорка Ала Кузьма.
Фота: spring96.org

Пенсіянерцы паставілі ў віну больш за тры дзясяткі эпізодаў: цягам паўгода яна пісала каментары ў тэлеграм-канале «Волковыск для жизни», якія маюць негатыўную ацэнку Лукашэнкі і сілавікам, а таксама «зневажаюць іхны гонар і годнасць».

Агулам пацярпелыя ацанілі свае маральныя пакуты на 5000 рублёў – пры гэтым абвінавачаная мае пенсію ў 500 рублёў. Абаронца папрасіла выклікаць пацярпелых на працэс, бо яны не пазначылі, якія менавіта маральныя пакуты перажылі, аднак у гэтым было адмоўлена.

Пенсіянерка спачатку сказала, што прызнае віну часткова, потым удакладніла: калі ўсё даказана, прызнае віну цалкам. Але заўважыла, што зараз ужо не памятае, што пісала і рабіла, бо пайшоў ужо другі год. Пракурорка адзначыла, што пенсіянерцы «ставіцца ў віну адчуванне нянавісці да рэжыму», на што Галіна адказала, што не ўяўляе ніякай пагрозы для дзяржавы.

Жанчына ў апошнім слове сказала, што пазбаўленне волі стане для яе «смяротным прысудам», аднак суддзя Андрэй Талочка прызначыў ёй 2,5 года калоніі.

Артыкулы
«Увесь час у чаканні падвоху і з пачуццём небяспекі». Як выглядае жыццё ў Магілёўскай папраўчай калоніі № 15
2022.02.07 12:20

АД, belsat.eu

Стужка навінаў