Фатографа Уладзя Грыдзіна асудзілі на 13 дзён арышту за «непадпарадкаванне» падчас ператрусу


Фатографа Уладзя Грыдзіна, які раней здымаў для радыё «Свабода», затрымалі ў першай палове дня 4 студзеня, у ягонай кватэры ўчынілі пагром. Паводле матэрыялаў суда, ператрус ладзілі ў межах вялікай крымінальнай справы аб «масавых беспарадках».

Фатограф Уладзь Грыдзін.
Фота: Белсат

У судзе Фрунзенскага раёну Менску 7 студзеня пачалі судзіць фатографа Уладзя Грыдзіна. Суддзя Таццяна Палулех разгледзела справу аб «непадпарадкаванні законным патрабаванням» (арт. 24.3 КаАП РБ) і пакарала Грыдзіна 13 днямі арышту, расказвае радыё «Свабода».

Грыдзіна затрымалі раніцай 4 студзеня. Калі ён перастаў выходзіць на сувязь, сваякі прыехалі да яго дамоў і пабачылі, што там быў пагром: раскіданыя рэчы і смецце на падлозе. З кватэры зніклі ноўтбук і фотаздымач. Прычыны затрымання Грыдзіна тады не паведамляліся, фатографа кінулі да суда ў менскі ізалятар на Акрэсціна.

Фатографа звінавацілі ў тым, што падчас ператрусу ён нібыта «не падпарадкоўваўся законным распараджэнням» міліцыянта Сазонава, не пускаў сілавікоў у кватэру.

Пастанову на ператрус, паводле матэрыялаў суда, выпісалі яшчэ 24 студзеня. Ператрус ладзілі ў межах вялікай крымінальнай справы № 201 21 11 02 02 аб «масавых беспарадках» з «тысячамі падазраваных», якую вядзе следчы Дзягцевіч і менскае ўпраўленне Следчага камітэту.

Уладзь Грыдзін быў пераможцам і прызёрам конкурсу «Belarus Press Photo», ягоныя здымкі не раз траплялі ў буйныя замежныя медыі, ён здымаў у гушчы падзеяў падчас шматлікіх пратэстаў. Ён працаваў для радыё «Свабода» да 29 жніўня 2020 года, пакуль улады не пазбавілі яго акрэдытацыі – права працаваць на замежнае медыя на тэрыторыі Беларусі.

У верасні 2020 года Грыдзін быў арыштаваны на 11 дзён нібыта за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі». Такое ж пакаранне прысудзілі фатографу Аляксандру Васюковічу – АМАП схапіў іх у бáры, дзе яны апрацоўвалі здымкі з Маршу герояў. На іх затрыманне беларускія медыі адказалі флэшмобам: замянілі фота на сайтах на «заглушку» са здымачом за кратамі.

Артыкулы
Вызваленая журналістка Студзінская расказала пра галадоўку, сукамерніц і катаванне музыкай
2021.07.26 13:56

Цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца тры дзясяткі журналістаў, фатографаў і супрацоўнікаў медыяў, у іх ліку журналіст «Свабоды» Алег Груздзіловіч, журналіст-фрылансер «Свабоды» Андрэй Кузнечык і фрылансер-кансультант «Свабоды», аўтар каналаў «Беларусь головного мозга» Ігар Лосік. Шматлікія журналісты былі вымушаныя пакінуць Беларусь пасля зняволення ці праз палітычны пераслед.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў