У Чэхіі пададзеная першая заява на беларускіх амапаўцаў за катаванні

У Цэнтральную ўправу барацьбы з арганізаванай злачыннасцю Чэхіі грамадзянін Беларусі падаў заяву аб катаваннях з боку беларускіх сілавікоў. Адвакат пацярпелага распавёў, што ў справе фігуруе начальнік гарадзенскага АМАПу Віктар Краўцэвіч, паведамляе радыё «Свабода».

У Чэхіі цяпер каля 50 беларусаў, якія праходзяць рэабілітацыю пасля катаванняў беларускіх сілавікоў. Грамадзяне нашай краіны падрыхтавалі каля дзесяці заяваў паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі на гвалт сілавікоў, пасля якіх могуць распачаць крымінальныя справы. У адной з справаў фігуруе кіраўнік гарадзенскага АМАПу Віктар Краўцэвіч.

«Сёння нашым адвакацкім бюро на просьбу кліента, які сур’ёзна пацярпеў ад рук прадстаўнікоў сілавых структураў Беларусі, у Цэнтральную ўправу барацьбы з арганізаванай злачыннасцю Чэшскай Рэспублікі пададзенае паведамленне аб учыненні цэлага шэрагу цяжкіх крымінальных злачынстваў супраць чалавечнасці. У гэтым паведамленні пацярпелы ў дэталях інфармуе пра факты нялюдскіх здзекаў і катаванняў, якія над ім учынілі працаўнікі АМАПу Горадні ў жніўні 2020 года, ён называе канкрэтных асобаў. Гэтыя факты пацвярджаюцца паказаннямі сведак ды іншымі доказнымі матэрыяламі.

Кіраўнік гарадзенскага АМАПу Віктар Краўцэвіч затрымлівае пратэстоўца. Фота: скрыншот з відэа TUT.by

Факты, апісаныя ў паведамленні нашага кліента, сведчаць пра захады, якім няма месца ў цывілізаваным грамадстве. Чэшскі Крымінальны кодэкс прадугледжвае магчымасць пераследу паводле прынцыпу ўніверсальнасці такога тыпу злачынстваў на тэрыторыі Чэхіі, незалежна ад таго, у якой краіне яны былі ўчыненыя. Мы разлічваем, што следчыя органы Чэшскай Рэспублікі возьмуць справу на разгляд», – паведаміў Аляксей Крэнке, адвакат беларуса.

Дата падачы заявы адмыслова абраная 7 лютага.

«Сёння беларускі ды беларусы па ўсім свеце выказваюць сваю салідарнасць з беларускім народам, з Беларуссю. Мы як Гуманітарны кансіліум салідарныя перадусім з пацярпелымі ад гвалту з боку беларускіх сілавікоў. Заявы, якія цяпер падаюцца ў краінах Еўразвязу, маюць на мэце прыцягнуць да адказнасці людзей, якія думаюць, што ў іх ёсць карт-бланш на гвалт і ім за гэта ніколі нічога не будзе. Пададзенае сёння ў Чэхіі паведамленне аб крымінальным злачынстве – гэта і салідарнасць з тымі, хто пакуль не можа гаварыць, або каму было адмоўлена ў голасе», – распавяла прадстаўніца Гуманітарнага кансіліуму.

Дыпламаты ЕЗ сустрэліся ў Менску з роднымі палітвязняў

 

СК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны