«Прызнавайся і здавай усіх, ці сядзеш на 8 гадоў». Размова з маці 17-гадовага палітвязня

Давід Збаранскі летась паступіў ва Універсітэт натуральных навук у Любліне, на факультэт турызму. Хлопец прабыў у Польшчы два месяцы, з-за каронавіруса вучоба праходзіла онлайн, і Давід вырашыў паехаць на нейкі час дамоў. Праз два дні пасля вяртання, 30 лістапада, яго забралі проста з дому як падазраванага ва ўдзеле ў масавых закалотах. З таго часу юнак застаецца ў берасцейскім СІЗА. З люблінскага ўніверсітэту ён быў выключаны, бо не здаў сесію.

«Мне крычалі, што я дрэнна выхавала сына, калі ён пайшоў на акцыі пратэсту»

Пра раніцу, калі Давіда затрымалі, «Белсату» распавяла ягоная маці Наталля Збаранская. Паводле жанчыны, усё адбылося цалкам нечакана. У 6.30 пазванілі ў дамафон. Але пакуль нехта з сям’і паспеў дайсці да трубкі, хтосьці ўнізе адчыніў «гасцям», і неўзабаве яны ўжо грукаліся ў дзверы кватэры.

Давід Збаранскі. Фота з сямейнага архіву

– Я адамкнула, там стаялі супрацоўнікі міліцыі, яны загадалі, каб сын збіраўся і ехаў з імі на размову, – узгадвае спадарыня Наталля. – Я сказала, што аднаго яго не адпушчу, мне дазволілі суправаджаць сына як непаўнагадовага. Нам нічога не растлумачылі, у чым справа, у якім статусе сын, – трэба паразмаўляць і ўсё.

Хлопца з маці прывезлі ў РАУС.

– Там ужо нам распавялі, у чым падазраюць Давіда, – распавядае спадарыня Наталля. – На нас крычалі, на мяне ў тым ліку, што я дрэнна выхавала сына, калі ён пайшоў на акцыі пратэсту. Нас запужвалі. Ад сына патрабавалі: прызнавайся і здавай усіх, ці не выйдзеш цяпер адсюль і сядзеш на 8 гадоў.

Прызнацца, паводле спадарыні Наталлі, Давід мусіў у тым, што 10 жніўня ўдзельнічаў у закалотах у Берасці і нібыта кідаў у сілавікоў камяні ці яшчэ штосьці. У якасці доказаў міліцыянты паказвалі фотаздымкі са жнівеньскіх акцый пратэстаў, на якіх нібыта можна было пазнаць Давіда.

Ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі

З РАУСа хлопца павезлі ў Следчы камітэт. Там, паводле маці, следчы казаў, што калі Давід прызнаецца, яго адпусцяць. Але маладзён пасля размовы з адвакатам заняў адназначную пазіцыю: не даваць увогуле ніякіх паказанняў.

Хлопца адвезлі ў ІЧУ, дзе ён прабыў трое содняў. З ізалятару адзін раз вазілі ў пракуратуру – там, паводле Наталлі Збаранскай, зноў патрабавалі прызнанняў, гэтым разам – намеснік пракурора. Давід працягваў маўчаць.

На чацвёртыя содні юнаку прадявілі абвінвачанне і перавялі ў СІЗА. Давід Збаранскі стаў падазраваным паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – удзел у масавых закалотах, які суправаджаўся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці ці ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Паводле гэтага артыкулу можа пагражаць ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронцы прызналі Давіда палітвязнем.

Працягваюць ціснуць, каб даваў паказанні

У ІЧУ і СІЗА на Давіда аказвалі ціск, паводле спадарыні Наталлі. Згодна з законам яна, як маці, на ўсіх допытах суправаджала сына. Таксама прысутнічаў псіхолаг. Без бацькоў ці законных апекуноў дапытваць непаўнагадовых не маюць права. Але жанчына распавядае, што, паводле Давіда, да яго двойчы прыходзіў нейкі чалавек – у ІЧУ і потым у СІЗА, і зноў патрабаваў даваць паказанні.

– Таксама памятаю выпадак, калі Давід у СІЗА прыйшоў на допыт у дрэнным стане – яго ўсяго трэсла, і ён быў рашуча настроены даваць паказанні, – прыгадвае маці юнака. – Адвакатка здолела яго супакоіць і пераканаць усё ж не даваць паказанняў, а потым распавяла мне, што перад тым допытам на Давіда моцна ціснулі.

Давід Збаранскі. Фота з сямейнага архіву

Праз тры тыдні пасля затрымання Давіда да яго дадому прыйшлі з ператрусам. Наталля Збаранская кажа, што хацелі забраць тэхніку сына, але, паколькі ў яго ні кампʼютара, ні чагосьці іншага тут няма, то нічога і не забралі.

Давід пад вартаю ўжо трэці месяц. Першапачатковы двухмесячны тэрмін скончыўся 30 студзеня, і яго працягнулі яшчэ на месяц. Са словаў маці хлопца, на люты прызначаная экспертыза фотаздымкаў і відэазапісаў, на якіх нібыта можна ўбачыць Давіда.

Умовы ў камеры добрыя, але лісты даходзяць дрэнна

Спадарыня Наталля распавядае, што цягам гэтым двух месяцаў Давід хварэў, было падазрэнне на каронавірус, але тэст прыйшоў адмоўны. Маці пісала хадайніцтва, каб сыну змянілі захаду стрымання на хатні арышт, а тут яшчэ і хвароба здарылася, на што спадарыня Наталля зрабіла акцэнт ужо ў вуснай размове са следчым, але ў адказ пачула, што ў выпадку патрэбы яго пакладуць у лякарню, але не адпусцяць, бо «існуюць падставы меркаваць, што ён можа збегчы».

Удзельнікі Нацыянальнага маршу «За свабоду». Берасце, 16 жніўня 2020 года. Фота: Белсат

Наталля Збаранская скардзіцца, што лісты ў абодва бакі ходзяць дрэнна, рэдка. На пачатку студзеня нейкі час увогуле не даходзілі. У тых жа лістах, што ўсё ж прыходзяць, а таксама падчас сустрэчаў на допытах, Давід распавядае маці, што ўмовы ў ягонай камеры нядрэнныя. Яна чатырохмясцовая, цяпер там разам з Давідам тры вязні. У камеры нават ёсць кандыцыянер, перадае сынавы словы спадарыня Наталля. Пасцельную бялізну мяняюць раз на тыдзень, выдаюць рушнікі. З раніцы выводзяць на шпацыр – як непаўнагадовых – асобна ад дарослых. Ёсць трэнажоры, на якіх Давід займаецца. Пад’ём – а 6-й раніцы, адбой – а 22-й. Удзень нельга ляжаць, нават галаву на стол пакласці. Давіду дазвалялі ўдзень легчы, калі ён хварэў.

Перадачы прымаюць штодзень, раз на месяц можна прынесці так званую вітамінную перадачу (садавіну) вагой да 10 кг.

– Да іх там прыстаўленая выхавацелька, – распавядае спадарыня Наталля. – Калі яна сустракаецца са мною, то кажа: не хвалюйцеся, у яго там усё добра. Але як я магу не хвалявацца, калі мой сын за кратамі?

«Сын змяняецца, становіцца больш дарослым»

Спадарыня Наталля кажа, што намагаецца трымацца, але «часам накатвае».

– Я вельмі перажывала, калі даведалася, што сын захварэў, я тады начамі спаць не магла, – кажа жанчына. – Цяжка, калі няма ніякай сувязі, ты не можаш патэлефанаваць, не ведаеш, як ён пачуваецца. Інфармацыю я атрымліваю толькі з рэдкіх лістоў, ад адваката, а таксама калі мы бачымся на допытах.

Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду. 16 жніўня, 2020 года. Берасце, Беларусь. Фота: Алесь Ляўчук / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Допыты, паводле маці Давіда, праходзяць даволі рэдка. Апошні быў 12 студзеня, калі будзе наступны – не вядома, загадзя ніколі не папярэджваюць, толькі калі следчы прызначыць дату, паведамляюць, што трэба прыехаць.

– На сустрэчах я бачу, што Давід змяняецца, становіцца больш дарослы, – кажа спадарыня Наталля. – Ён коратка пастрыжаны, здаецца, быццам стаў шырэйшы ў плячах, бо займаецца там на трэнажорах.

Раней палітыкаю не цікавіліся, але пасля выбараў усё зразумелі

За час у СІЗА Давіда Збаранскага выключылі з Люблінскага ўніверсітэту, бо ён не змог здаць сесію, – якраз пачынаў рабіць і высылаць кантрольныя, калі яго забралі. Спадарыня Наталля кажа, што прасіла следчых дазволіць Давіду заставацца дома да суда і з гэтай нагоды – каб ён меў магчымасць здаць першую сесію. Але сітуацыю хлопца Следчы камітэт разумець адмовіўся.

«Каму ўвогуле патрэбная праўда? Напэўна, толькі бацькам». Маці палітвязня Дзяніса Чыкалёва ўбачылася з сынам

Спадарыня Наталля кажа, што вучыцца ў Польшчы Давіду падабалася. Ён вырашыў паступаць менавіта туды, бо не хацеў заставацца ў Беларусі з-за паслявыбарчых падзеяў. Люблін – блізка да Берасця, можна было б часта ездзіць дамоў. Турызм выбраў, бо гэты кірунак быў яму цікавы. А вось палітыкай, паводле маці хлопца, ён ніколі не цікавіўся, не выказваў сваіх меркаванняў да апошніх прэзідэнцкіх выбараў.

– Ды мы ўсе нічым такім не цікавіліся, я таксама, мы проста жылі ды жылі, – кажа берасцейка. – Але калі пабачылі тое, што стала адбывацца пасля выбараў, зразумелі ўсё. Цяжка знайсці словы, каб апісаць адчуванні ад гэтага жаху. Цяпер страшна на вуліцу выходзіць, ад супрацоўнікаў міліцыі кідаешся ўбок, бо ведаеш, што столькі людзей забралі абсалютна выпадкова, дарогаю да той жа крамы.

Маці не ведае, ці чакаць сына дамоў на паўналецце

У канцы красавіка Давіду споўніцца 18 гадоў. Спадарыня Наталля не ведае, ці адсвяткуе сын гэты дзень народзінаў дома.

– Я не ведаю, чаго спадзявацца. Санкцыя артыкулу прадугледжвае ад 3 да 8 гадоў, я не ведаю, ці змякчыць вырак тое, што Давід – непаўнагадовы, – кажа маці палітвязня. – Але з мінулых судоў мы, на жаль, бачым, што даюць роўна столькі, колькі запытае пракурор.

Уся сямʼя на вяселлі дачкі. Фота з сямейнага архіву

Давід Збаранскі – са шматдзетнай сям’і, ён самы малодшы. Як распавяла спадарыня Наталля, ейнаму старэйшаму сыну Змітру 23 гады. Ён з нараджэння мае інваліднасць зроку, зусім не бачыць. Тым не менш, хлопец скончыў медычны каледж у Горадні, а цяпер працуе масажыстам у берасцейскай паліклініцы. Сярэдняя дачка ўжо мае ўласную сям’ю, у жніўні нарадзіла дзіця.

«Піша, што трымаецца». Унучка беларускага паэта Івана Арабейкі сустрэне сваё 20-годдзе за кратамі

Ганна Ганчар belsat.eu

Hавiны