«Загад страляць і маўчанне елбасы». Галоўнае аб пратэстах у Казахстане. Відэа

Цягам тыдня ў Казахстане адбываліся масавыя пратэсты практычна ўва ўсіх буйных гарадах краіны. Найбольш драматычныя падзеі разгортваліся ў Алматы, дзе адбыліся вулічныя баі паміж удзельнікамі пратэстаў і вайскоўцамі. Нашыя калегі з «Вот Так ТВ» падсумоўваюць апошнія падзеі.

7 студзеня ў звароце да нацыі прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што мірнае развязанне канфлікту немагчымае, і аддаў загад адкрываць агонь па «тэрарыстах» на паражэнне без папярэджання.

«Праваахоўным органам і войску я даў загад адкрываць агонь на паражэнне без папярэджання», – заявіў у тэлезвароце кіраўнік Казахстану. Відэазварот распаўсюдзіў тэлеканал «Хабар 24».

Вайсковая тэхніка на вуліцах Алматы, 7 студзеня 2022 года. Фота: MARIYA GORDEYEVA / Reuters / Forum

Галоўнае на раніцу 7 студзеня аб пратэстах у Казахстане

  • Затрымалі больш за 3000 чалавек, 26 пратэстоўцаў забітыя, яшчэ 18 параненыя.
  • Генеральная пракуратура Казахстану завяла справы аб арганізацыі ды ўдзеле ў масавых закалотах, а таксама па факце здзяйснення акту тэрарызму. Пратэстоўцам пагражаюць пажыццёвыя тэрміны.
  • Вакол сталіцы выстаўленыя блокпасты.
  • Улада вярнула кантроль над акіматамі.
  • У бішкекскі аэрапорт «Манас» прыбылі два прыватныя самалёты, якія належаць сямʼі экс-прэзідэнта Казахстана Назарбаева.
  • Сваякі затрыманых падчас акцыяў пратэсту ў горадзе Арал (Уральск) не могуць знайсці сваіх блізкіх.
  • У Алматы працягваецца страляніна. На ўсёй тэрыторыі Казахстану ўведзены «крытычны чырвоны» ўзровень тэрарыстычнай небяспекі. Ува ўсіх рэгіёнах краіны ўсталяваны рэжым антытэрарыстычнай аперацыі.

6 дзён пратэстаў

Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жангаўэзене пасля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі знізіць цану, але пасля зʼявіліся палітычныя патрабаванні, перадусім – адхіліць ад улады Назарбаева.

У першыя дні пратэстаў улады заявілі, што пачулі патрабаванні, і абвесцілі зніжэнне коштаў на звадкаваны газ на 180 дзён. Але пазней рыторыка змянілася, пратэстоўцаў афіцыйна пачалі называць «тэрарыстамі».

Цэнтрам пратэстаў стаўся найбуйнейшы горад краіны – Алматы, дзе адбыліся вулічныя баі паміж пратэстоўцамі і ўрадавымі войскамі. У ноч на 6 студзеня Такаеў папрасіў дапамогі ў АДКБ. У Казахстан накіраваліся ў тым ліку і беларускія вайскоўцы.

Цягам тыдня ў Казахстане ўлады блакуюць інтэрнэт і доступ да сацыяльных сетак. У асобных рэгіёнах не працуе мабільная сувязь.

Назарбаеў сышоў. Чаму пратэсты ў Казахстане не спыняюцца і чаму іх не здушылі, як у Беларусі?

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны