Вынікі пошуку для:

За што любяць Каляды і як іх святкуюць у Беларусі

Каляды – традыцыйнае свята беларусаў. У дасавецкі час яно было адным з найважнейшых у гадавым цыкле. «Белсат» прысвяціў яму шмат праграмаў. Мы зрабілі праваднік, каб вам было зручней пазнаёміцца з імі і адкрыць новыя сэнсы гэтага свята.

Каляды – старажытнае, яшчэ дахрысціянскае свята. Працягваецца ад Божага Нараджэння да Вадохрышча. Гэта своеасаблівы беларускі карнавал, калі людзі калядуюць, спяваюць, бавяцца, глядзяць батлейку і варожаць.

Пачынаюцца Каляды са свята нараджэння Хрыста, якое ў беларускай мове мае шмат розных назваў. Якія – мы разабраліся ў праграме «Мова нанова».

Пра калядныя звычаі мы размаўлялі з людзьмі, для якіх традыцыя святкавання Калядаў ніколі не перарывалася, а таксама з прафесійнымі даследнікамі народных абрадаў.

Напрыклад, у Вялікіх Вайшнарышках старажытныя традыцыі жывуць і сёння.

На дылетанцкія пытанні наконт Калядаў і Новага года нам адказала фалькларыстка, знаўца калядных таямніцаў Любоў Сівурава.

Каляды ў розны час

Беларусы адзначалі Каляды, колькі сябе памятаюць. З прыняццем хрысціянства гэтае свята не знікла, але набыло крыху іншы сэнс. Пры гэтым у Вялікім Княстве Літоўскім праваслаўныя адзначалі Раство разам з каталікамі, 25 снежня. Традыцыя адзначаць Раство 7 студзеня прыйшла на беларускія землі разам з Расейскай імперыяй.

У савецкі час Каляды фактычна былі пад забаронаю. Музыка і фалькларыст Іван Кірчук, распавядаючы пра традыцыі святкавання, згадвае, што кіраўніцтва наўмысна знаходзіла працу тым, хто адзначаў, таму малому Івану даводзілася чакаць маму ажно з трэцяй змены.

Не зважаючы ні на што, старажытныя традыцыі працягвалі жыць у Беларусі. Напрыклад, жанчына з Краснапольскага раёну да сёння не любіць бліноў з мёдам, бо яны «пахнуць мерцвяком». Рэч у тым, што 13-гадоваю дзяўчынкаю яна ўзяла ўдзел у пахаванні нежанатага хлопца, які ўтапіўся ў рацэ. Адбылося гэта ў 1950-ыя гады, але абрад выглядаў, нібы са старажытнай легенды: труну з нябожчыкам на могілкі неслі незамужнія дзяўчаты ў адных кашулях з распушчанымі валасамі.

У незалежнай Беларусі энтузіясты пачалі адраджаць традыцыйную культуру. У гэтым ім дапамагаюць матэрыялы, якія за шмат гадоў назбіралі этнографы. Яны іх вывучаюць і спрабуюць вярнуць да жыцця старыя звычаі.

Цікава, што і сёння разам з савецкімі жывуць старыя звычаі. Дастаткова праехацца па Беларусі і пераканацца ў гэтым. Таму мы маем шэраг святочных персанажаў: Зюзя, Дзед Мароз, Санта і святы Мікалай, а калядоўнікі сёння водзяць не толькі Казу або Дзеда, але і Міліцыянта ды нават Палітыка.

Часам стары звычай можа набыць новую форму. Напрыклад, на Куццю пад абрус клалі сена. Гарадскія жыхары могуць мець праблемы з пошукамі гэткага матэрыялу, але мастачка Валянціна Лойка прыдумала выйсце: дастаткова паставіць на стол авечку з сена. Пра гэта яна распавядала нам у праграме пра калядныя сімвалы.

2020 год для Беларусі быў незвычайны. Па-першае, улады разгарнулі сапраўдны тэрор супраць уласнага народу. Якое тут свята? Па-другое, пандэмія каронавіруса змяніла святкаванне Калядаў. Па-трэцяе, шмат беларусаў вымушаныя былі пакінуць краіну. Таму калядоўнікі ў Лагойску зладзілі дыстанцыйныя і бескантактавыя калядкі, а гісторык, экскурсавод і грамадскі актывіст Цімох Акудовіч стварыў курсы беларускіх калядоўнікаў у Варшаве.

Калядныя стравы

З Калядамі звязаны шэраг кулінарных традыцыяў. Каб іх прытрымлівацца, зусім не абавязкова ехаць у вёску і шукаць печ. Напрыклад, кухар Францішак Мятлеўскі паказаў, як гатаваць шчодрую куццю з розных відаў мяса ў гарадской кватэры:

Дарэчы, калі вам не падабаюцца традыцыйныя справы, нічога дзіўнага. Напрыклад, музыка Зміцер Вайцюшкевіч не любіць аўсянага кісялю. Але гэтую страву можна прыгатаваць так, што пасмакуе і самым пераборлівым:

Беларускай кухні вялікую шкоду нанёс дэфіцыт, які панаваў у СССР. Савецкія кухары праяўлялі максімальную вынаходлівасць пры мінімуме харчоў. Адсюль і бяруцца нашыя «традыцыйныя» навагоднія салаты з маянэзам. У праграме «Я не буду гэтага есці» мы спрабавалі паказаць, што стварыць высокую беларускую кухню можна. Трэба ўзброіцца ведамі і смела эксперыментаваць.

Калі вам зручней чытаць, вось наш артыкулу пра гастранамічныя Каляды:

Гастранамічныя Каляды. Што паставіць на стол, акрамя аліўе і памідораў са смятанаю

Варожбы

Нашыя продкі верылі, што Каляды – час незвычайны. У беларускіх селішчах вераць, што ў Святы вечар перад Калядамі звяры могуць размаўляць людскімі галасамі, а дрэвы здольныя пераходзіць з месца на месца.

Не дзіўна, што ў гэты магічны час можна і ў будучыню зазірнуць. Гаворка не толькі пра тое, які будзе муж ці жонка. Даведацца, што чакае ў будучыні, хацелі ўсе, але не кожны наважваўся. Як варажылі нашыя продкі, распавяла і паказала доктар філалагічных навук, этнакультуролаг Таццяна Валодзіна. Было вусцішненька! Мы таксама даведаліся, ці можна змяніць лёс, калі захочацца.

Калядная музыка

Адзін з галоўных атрыбутаў Калядаў – калядаванне, падчас якога калядоўнікі спявалі разнастайныя песні.

Мы запісалі шмат розных варыянтаў іх выканання: найбольш аўтэнтычныя, калі спяваюць звычайныя вяскоўцы; больш прафесійныя, якія выконваюць ансамблі народнай песні; песні ў выкананні прафесійных музыкаў і даследнікаў народнай культуры; песні ў сучасным апрацаванні.

Эратычная гульня «Жаніцьба Цярэшкі»

У Каляды маладыя беларусы бавіліся ў «Жаніцьбу Цярэшкі». Падчас гэтай гульні хлопцы знаёміліся з дзяўчатамі, гэта было нешта накшталт сучасных начных клубаў. Гульня гэта вельмі старая, дахрысціянская, як і самыя Каляды. Цяпер ужо ніхто не можа дакладна сказаць, хто такі гэты Цярэшка, затое вядома, як гуляць у ягоную жаніцьбу.

Эратычная абрадавая гульня «Жаніцьба Цярэшкі» прайшла на аграсядзібе «Прыазёрная» (Фотарэпартаж)

«Будзем мы капустку варыць, будзем мы Цярэшку жаніць». На Глыбоччыне зладзілі «Жаніцьбу Цярэшкі»

Батлейка

Яшчэ адною каляднаю забаваю была батлейка, народны лялечны тэатр. Паходзіць з часу Вялікага Княства Літоўскага. Рэпертуар батлейкі багаты жыццёвым i фальклорным матэрыялам, незвычайным сюжэтам, вялікаю колькасцю персанажаў. У адным прадстаўленні маглі браць удзел да 40 лялек: анёл, тры каралі, цар Ірад, Рахіль, салдат, чорт, смерць, мужык і іншыя. Паказ складаўся звычайна з дзвюх частак: кананічнай (рэлігійнай) і свецкай (народна-побытавай). Другая частка карысталася найбольшаю папулярнасцю, бо месціла камедыйныя жанравыя сцэнкі: «Мацей і доктар», «Бэрка-карчмар», «Цыган i цыганка», «Антон з казой і Антоніха», «Вольскі – купец польскі», «Паніч».

Батлейка ў выкананні таленавітай батлеечніцы Людмілы Сасонкі будзе цікавая і дзецям, і дарослым.

Зычым вам спакойнага і светлага Раства ды вясёлых і бяспечных Калядаў! Не забывайцеся пра беларускія традыцыі і заставайцеся з «Белсатам»!

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны