Сваякі палітзняволенай Алены Маўшук паведамілі, што жанчына зазнае гвалт у калоніі


Падчас тэлефанавання з калоніі Алена Маўшук паведаміла сваякам, што не вытрымлівае таго, што адбываецца ў калоніі, бо ў дачыненні яе чыняць фізічны і псіхалагічны гвалт, перадае dissidentby.

Алена Маўшук. Крыніца: prisoners.spring96.org

«Пасля апошняга званку маці блізкія занепакоеныя яе станам і перажываюць за жыццё Алены», – паведамляюць праваабаронцы.

Стала вядома, што Алену Маўшук пазбавілі ўсіх перадач і спатканняў з блізкімі. Яна рэгулярна атрымлівае пакаранні ад адміністрацыі. Знаходзіцца ў прыгнечаным псіхалагічным стане.

Яшчэ знаходзячыся ў СІЗА, Алена Маўшук моцна пахудзела, у лістах скардзілася на боль у нагах. Адразу пасля абвяшчэння прысуду Алена напісала ў сшытку: «Я павешуся» і паказала прысутным у судовай зале. У следчым ізалятары яе паставілі на ўлік як «схільную да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў і праяваў агрэсіі»

44-гадовую Алену Уладзіміраўну Маўшук затрымалі ўначы 10 жніўня ў Пінску. Міліцыянты сцвярджалі, што жанчына замахваліся палкай на супрацоўнікаў МУС.

30 красавіка 2021 году суд Маскоўскага раёну Берасця прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч.2 арт. 293 КК) і асудзіў на 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Жанчына адбывае тэрмін у папраўчай калоніі №24 у Рэчыцкім раёне.

Гісторыі
«Мама даслала з СІЗА бабуліна папяровае сэрца – для ўнукаў». Як жыве сям’я пінскіх палітвязняў Маўшукоў
2021.06.04 16:33

Алена Маўшук мае трох дачок: адна – поўнагадовая, дзве – малалетнія. 10-гадовую Ангеліну проста са школы забралі ў сацыяльны прытулак. Муж Алены Сяргей таксама знаходзіцца ў калоніі – яму прысудзілі 6,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Даведка

Адрас для лістоў: Алене Уладзіміраўне Маўшук, ПК №24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць.

Праваабаронцы просяць падтрымаць Алену Маўшук лістамі, але пісаць нейтральныя лісты, без лішніх эмоцыяў.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў