Платформа грамадзянскай салідарнасці заклікала ўстрымацца ад гвалту ў Казахстане


Платформа грамадзянскай салідарнасці (CSP) ды іншыя НДА апублікавалі супольную заяву, у якой заклікаюць усіх пратэстоўцаў устрымацца ад гвалту, а ўлады Казахстану – забяспечыць, каб усе іхныя дзеянні ў адказ на пратэсты адпавядалі міжнародным абавязкам у сферы правоў чалавека і былі накіраваныя на мірную дээскалацыю сітуацыі.

«Мы працягваем уважліва сачыць за сітуацыяй. Мы вітаем заклікі да стрыманасці і мірных рашэнняў, зробленыя прадстаўнікамі ЕЗ, АБСЕ, ААН ды іншых міжнародных інстытутаў, а таксама замежных урадаў, і заклікаем пратэстоўцаў устрымлівацца ад незаконных захадаў, а ўлады Казахстану – забяспечыць сталую павагу асноўных правоў і свабодаў усіх жыхароў ды не дапускаць перарастання цяперашняй сітуацыі ва ўзброены канфлікт», – гаворыцца ў заяве.

Ад уладаў Казахстану патрабуюць таксама забяспечыць, каб узаемадзеянне з сіламі АДКБ ажыццяўлялася выключна ў межах міжнароднага права і не прыводзіла да парушэнняў правоў чалавека.

Заяўнікі заклікаюць падаваць поўныя звесткі пра колькасць параненых і забітых пратэстоўцаў ды забяспечыць незалежнае, празрыстае, хуткае і эфектыўнае расследаванне гэтых выпадкаў.

Hавiны
Прэзідэнт Казахстану Такаеў у звароце да нацыі загадаў вайскоўцам страляць на паражэнне
2022.01.07 12:22

Патрабуюць, сярод іншага, устрымлівацца ад затрымання журналістаў, якія асвятляюць падзеі ў межах сваіх прафесійных абавязкаў, і запэўніць бяспеку журналістаў.

Таксама – цалкам супрацоўнічаць з АБСЕ і ААН у развязанні існай сітуацыі.

Заяву падпісалі прадстаўнікі 43 грамадскіх і праваабарончых арганізацыяў з Беларусі, Расеі, Украіны, Польшчы, Грузіі, Францыі, Нямеччыны ды іншых краінаў.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў