Былы капітан МУС Ягор Емяльянаў распавёў, як пераехаў у Нямеччыну


Ягора Емяльянава, былога супрацоўніка органаў, у траўні пасля эфіру праграмы «Шчыра кажучы» затрымалі. Экс-сілавік, які звольніўся падчас пратэстаў і ўладкаваўся фітнес-трэнерам, правёў спачатку на Акрэсціна 1,5 месяца, а потым даведаўся, што супраць яго пачалі крымінальную справу паводле другой часткі артыкулу 425: «Бяздзейнасць службовай асобы, наўмыснае невыкананне службовых абавязкаў насуперак інтарэсам службы».

«Белсат» пагутарыў пра змены ў жыцці былога міліцыянта пасля жніўня 2020-га.

– Менавіта гэтая праграма была прычынаю затрымання. Прадстаўнікі праваахоўных органаў Беларусі сказалі наўпрост: маўляў, шмат кажаш не там, дзе трэба. Хоць на той момант «Белсат» яшчэ не быў прызнаны экстрэмісцкім. Закону я не парушаў. Але гэта менавіта крыўда, што хтосьці асмеліўся адкрыць рот і нешта казаць. Магчыма яшчэ тое, што маё жыццё не згніла, я не знік дзесьці ў трушчобах, а нармальна зладзіў сваё жыццё пасля сыходу з органаў. Вось гэта яшчэ, можа быць, пакрыўдзіла іх. Таму мне сказалі, што я шмат кажу лішняга. А артыкулы, паводле якіх я сядзеў 33 дні на Акрэсціна, абсалютна не маюць ніякага дачынення ні да майго звальнення, ні да майго інтэрвʼю, ні наагул да маіх паводзінаў. Там проста былі выдуманыя артыкулы, якія пастаянна прыдумляюць, каб знайсці падставу і ўзаконіць затрыманне. Хоць гэта ўжо ўсе даўно разумеюць, але яны па-ранейшаму так працягваюць рабіць.

Артыкулы
Былы супрацоўнік міліцыі Сяргей Курачкін: Людзей не пакінуць у спакоі…
2021.10.06 14:20

– Вы супраціўляліся міліцыянтам?

– Мне далі двойчы па 15, я 30 [содняў] адбыў. Спадзяваўся, што ўжо выходзіць буду, але мяне завезлі ў РАУС і склалі яшчэ адзін пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам. Вядома ж, ніякага непадпарадкавання не было. І нават на судзе мне давялося адказваць на пытанне: «Вы адседзелі 30 дзён, вас адпускалі на волю: чаму вы тады не падпарадкоўваліся?». Дзіўнае пытанне. Я пагадзіўся з пратаколам, мне давялося гэта зрабіць, бо я разумеў: з першым пратаколам я не згаджаўся – і мне максімальна далі, цяпер пагадзіўся ў надзеі на тое, што мне дадуць менш. Мне давялося яшчэ і хлусіць суддзі ды апраўдвацца, што нібыта мой псіхалагічны стан быў цяжкі, таму я не хацеў выходзіць з іхнай машыны дадому.

– А які ў вас крымінальны артыкул?

– Артыкул 425, частка 2. Нібыта не выканаў нейкіх службовых абавязкаў, нейкіх загадаў. Другі момант – з карыслівых меркаванняў. Гэта значыць, я нешта за гэта хацеў ці атрымаў. І трэці момант – тым самым я нанёс шкоду дзяржаве, грамадству ці яшчэ каму-небудзь. Вось такі артыкул. Яго можна ахарактарызаваць як вайсковае злачынства.

Былы міліцыянт Ягор Емяльянаў падчас здымкаў праграмы «Белсату» – «Шчыра кажучы», прысвечанай беларускім сілавікам.
Фота: Белсат

– Таксама вас затрымалі ва Украіне. Як гэта адбывалася і чаму?

– Я ўцякаў адзін. Сямʼя мая паехала нармальна праз мяжу. А я мінаў мяжу таемна. Я разумеў, што праз Расейскую Федэрацыю мне сэнсу ісці няма, што ў Беларусі, што ў Расеі – усё адно і тое ж. Мяне ў Расеі затрымаюць і адправяць назад у Беларусь, таму я паспрабаваў шчасця праз мяжу Беларусі з Украінай. Ужо ва Украіне, 15 верасня, я пайшоў у ДМС. Якраз у гэты перыяд на тэрыторыі Украіны праходзіла спецаперацыя «мігрант». На наступны дзень у той дом, дзе жыў я і крыху больш за дзесяць іншых беларусаў, прыйшлі супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны. У межах гэтай спецаперацыі яны правяралі дакументы. На той момант у мяне зварот у міграцыйную службу ўжо быў, але дакументаў яшчэ ніякіх не было, бо прайшоў толькі адзін дзень. Мяне і яшчэ двух чалавек затрымалі, пагутарылі трохі і адвезлі нас у міграцыйную службу для рэгістрацыі. Страшна – гэта мякка сказаць. Былі адразу думкі, што вернуць назад у Беларусь, ну а там ужо не адпусцяць. Але потым усё растлумачылі і ўсё было нармальна.

– Цяпер вы з сям’ёй у Нямеччыне. Як уладкаваліся?

– Мы з сямʼёй атрымалі статус у Нямеччыне, ён не зусім называецца статус уцекача. Наагул можна нас назваць цалкам сабе ўцекачамі ва Украіне. Мы афармляем цяпер прапіску тут. Зможам атрымаць доступ на працу ў Нямеччыне. Бо тут працаваць нелегальна катэгарычна забаронена, за гэта караюць як работніка, так і працадаўцу. Будзем пакуль разбірацца з моваю, мясцовымі правіламі, законамі. І паволі, вядома, будзем улівацца ў жыццё і працаваць.

Інтэрв’ю
Былы капітан МУС: Служба цяжкая, але прызвычайваешся, што заробак – у адзін і той жа дзень
2021.09.18 12:00
Артыкулы
«Я б не змог вярнуцца туды». Былы міліцыянт просіць аб дапамозе
2021.09.19 14:11

АМ belsat.eu

Стужка навінаў