Сяргей Падсасонны з Курдыстану: «Патокі мігрантаў могуць пайсці праз Расею»


Многія курды, якія хацелі эміграваць у Еўропу праз Беларусь, успрымаюць цяпер гэты шлях як небяспечны і працягваюць шукаць іншыя каналы пераезду ў Еўразвяз. Адзін з самых папулярных маршрутаў – праз Расею. Пра гэта распавёў у жывым эфіры праграмы «Тыдзень» журналіст «Белсату» Сяргей Падсасонны, які перабывае ў сталіцы Курдыстану Эрбілі.

«Сёння наш праваднік абзвоньваў пры нас розныя турфірмы. І аказалася, што з’яўляецца новы шлях, які фігураваў і раней, але цяпер ён дамінуе: многія просяць расейскую візу. І гэта азначае, што патокі мігрантаў могуць пайсці праз Расею», – расказаў Сяргей Падсасонны.

Жыхары Эрбілю кажуць, што праблемай застаюцца фэйкавыя чаты, у якіх запэўніваюць, што шлях у Еўропу праз Беларусь – па-ранейшаму бяспечны і працягвае дзейнічаць.

Сяргей Падсасонны кажа, што сталіца Курдыстану выглядае цалкам бяспечнай: шмат турыстаў, працуюць фантаны. Але вось зʼяўляецца інфармацыя, што колькі хвілін таму баевікі так званай «Ісламскай дзяржавы» захапілі вёску за 70 кіламетраў ад Эрбілю.

«Як кажуць мясцовыя жыхары, такія атакі – рэгулярная зʼява.

То бок у гэтай мясцовасці ты знаходзішся як на бомбе запаволенага дзеяння, калі найгоршае можа здарыцца ў любую секунду. Мясцовыя жыхары адчуваюць гэтую пагрозу. І менавіта гэта – галоўная прычына, чаму яны адважваюцца на рызыку – і эмігруюць», – тлумачыць журналіст.

Сяргей Падсасонны кажа, што многія цяпер успрымаюць шлях у Еўразвяз праз Беларусь не як паратунак, а як сапраўдную трагедыю. Пра гэта ж заяўляюць на самым высокім узроўні.

Hавiны
Колькасць мігрантаў, якія спрабуюць перасекчы беларуска-польскую мяжу, змяншаецца
2021.12.06 12:14

«Прэмʼер Курдскай аўтаноміі Масур Барзані заявіў, што мігранты заплацілі кантрабандыстам тысячы долараў, каб перабрацца ў Беларусь, а там іх эксплуатавалі і выкарыстоўвалі для ціску на Еўразвяз», – перадае Сяргей Падсасонны.

Ён кажа, што выйсці на гандляроў людзьмі, якія надаюць паслугі перапраўкі ў Еўразвяз, дастаткова лёгка, але тыя не хочуць размаўляць. Кошт паслугаў сягае некалькіх тысяч долараў.

Hавiны
У Польшчы памерла мігрантка з Курдыстану
2021.12.05 18:51

Цалкам аповед Сяргея Падсасоннага з паўночнага Іраку глядзіце ў праграме «Тыдзень» на «Белсаце». Цягам тыдня на тэлеканале мае выйсці шэраг сюжэтаў з Іраку. Журналіст паразмаўляў з мясцовымі жыхарамі, якія вымушаныя былі вярнуцца на радзіму пасля няўдалай спробы эміграваць у Еўропу праз Беларусь. А таксама са сваякамі тых, хто вярнуўся з Беларусі ў труне…

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў