Штам о-мікрон ужо можа быць у Беларусі. Але бяда цяпер – з грыпам і «чысткамі»


У Расеі і Латвіі ўжо выявілі новы штам каронавіруса. Наўрад ці Беларусь пазбегне о-мікрона, але цяпер хвалявацца трэба не толькі пра каронавірус.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Машына хуткай дапамогі. 8 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат

О-мікрон ужо ў Беларусі?

Пра першыя выпадкі заражэння штамам о-мікрон вірусу SARS-CoV-2 у Расеі паведамілі 6 снежня 2021 года. На дзень раней першыя выпадкі о-мікрона выявілі ў Латвіі.

Ці гэты штам ужо ў Беларусі, дакладна не вядома: міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заяўляе, што «мы ў поўнай меры гатовыя знайсці гэты штам, калі ён будзе», і што сродкі для гэтага ёсць. Але ці робяцца належныя тэсты, незразумела.

Акрамя таго, ёсць шматлікія падставы не давяраць заявам Міністэрства здароўя аб каронавірусе: афіцыйная статыстыка выглядае нерэалістычна, а колькасць «лішніх» смерцяў у 15 разоў перавышае колькасць прызнаных смерцяў ад каронавіруса.

Ды пры фактычнай адсутнасці мяжы з Расеяй зразумела, што раней ці пазней штам акажацца ў Беларусі, калі толькі не знікне сам пад націскам яшчэ больш заразнага штаму.

Hавiны
Штам о-мікрон. Што трэба ведаць беларусам і што рабіць кожнаму
2021.12.02 17:52

Што новага вядома пра о-мікрон?

За апошні тыдзень навінаў пра штам о-мікрон было шмат, ды надзейных вынікаў даследаванняў заразлівасці, лятальнасці і ўстойлівасці да вакцынаў пакуль яшчэ няма. У такой сітуацыі Сусветная арганізацыя здароўя заклікае перадусім не панікаваць, а спакойна рыхтавацца да таго, што заражэнняў, магчыма, стане больш.

Наколькі больш, яшчэ трэба даследаваць. Паведамленні пра тое, што «учора ў Брытаніі выявілі 86 заражэнняў штамам о-мікрон, а сёння ўжо 246» зусім не значаць, што штам распаўсюджваецца менавіта з такой хуткасцю, а значыць толькі, што новы штам заўважылі і пачалі пільна адсочваць праз кантакты і асяродкі. Але навукоўцаў непакоіць тое, што ў Паўднёвай Афрыцы, дзе штам о-мікрон распаўсюдзіўся дастаткова шырока, месяц таму выяўлялі па пару сотняў новых выпадкаў COVID-19 на дзень, а цяпер – па 16 тысяч на дзень.

Добрая навіна ў тым, што хвалі смерцяў ад каронавіруса ў Паўднёвай Афрыцы пакуль няма. Менавіта ад штаму о-мікрон пакуль не зафіксавалі ніводнай смерці. Таксама навукоўцы пакуль спадзяюцца, што ранейшыя вакцыны застануцца эфектыўнымі супраць о-мікрона, хоць выглядае, што новы штам больш за папярэднія паўторна заражае тых, хто перахварэў на COVID-19.

Вытворчасць вакцынаў супраць о-мікрона цалкам імаверная, але на гэта, падобна, сыдуць месяцы: трэба не толькі адаптаваць вакцыну да новага штаму, але і захаваць эфектыўнасць супраць штаму дэльта, які ўсё яшчэ застаецца найбольш распаўсюджаным.

Hавiны
Праўда і міфы пра COVID-19. У 404 словах і шасці вялікіх разборах
2021.11.03 08:31

Пакуль каронавірус суцішыўся, разышоўся грып

З паведамленняў медыкаў вынікае, што хваля заражэнняў каронавірусам у Беларусі паволі пайшла на спад каля месяца таму, як і паведамлялі ўлады. Людзі ўсё яшчэ заражаюцца і паміраюць, але сітуацыя пагаршаецца не столькі праз COVID-19.

Супольнасць медыкаў «Белые халаты» піша, што каронавірус «саступіў месца сезоннаму грыпу». Вірус грыпу, як і каронавірус, пастаянна мутуе, і сёлета выклікае даволі цяжкія сімптомы, заражае пераважна дзяцей і падлеткаў, і некаторых дзяцей даводзіцца шпіталізаваць. Школы пусцеюць, ды каранціну не абвяшчаюць.

Ад грыпу, як і ад каронавіруса, дапамагаюць маскі і вакцыны. Ды калі ад каронавіруса, паводле заяваў уладаў, пачалі вакцынацыю ўжо 39,9 % беларусаў і цалкам вакцынаваліся 31,7 %, то ад грыпу зрабілі прышчэпку толькі 20 %.

Тыя ж «Белые халаты» паведамляюць пра эпідэмію палітычных звальненняў медыкаў у лякарнях і РНПЦ паводле спісаў «зверху». Звальняюць часам дзясяткамі, і не толькі пацярпелых ад затрыманняў, але і тых, хто проста выказваўся супраць гвалту і беззаконня.

Аналітыка
«Галоўны крытэрый работніка – палітычная лаяльнасць». Як звальненні нязгодных спараджаюць кадравы голад
2021.12.03 10:17

Дакладная колькасць звольненых невядомая. Але тых, каго звольнілі з палітычных прычынаў, просяць запоўніць анкету.

АА belsat.eu

Стужка навінаў