Махляры для рэкламы псеўдапрэпарату ад ціску выкарысталі кадры з праграмы «Белсату»

На сайце псеўдафармацэўтычнага прэпарату для рэкламы выкарысталі кадры з белсатаўскай праграмы «Кожны з нас». Пра гэта напісаў ведоўца праграмы Глеб Лабадзенка, чый твар выкарысталі махляры.

Скрыншот з сайту псеўдафармацэўтычнага прэпарату

Для рэкламы ўзялі кадры з праграмы, гасцямі якой былі цалкам рэальныя і вядомыя аналітыкі, але скрыншоты з іх выявамі падпісалі іншымі імёнамі і выдумалі ім пасады, звязаныя з фармакалогіяй.

«Ужо з дзясятак знаёмых перапыталі мяне, ці добры той прэпарат ад гіпертаніі, які я рэкламую. І скінулі раздрукаваныя скрыншоты, бо спасылка тая нейкая хітрая і не перасылаецца.

Некалькі месяцаў таму ў інтэрнэце стала гуляць рэклама, дзе махляры сфабрыкавалі тэкст, нібыта я бяру інтэрв’ю ў розных фармацэўтаў і спецыялістаў пра нейкі цуда-прэпарат «АроФорте», – піша Глеб Лабадзенка.

Рэклама з «лекамі» гуляе па інтэрнэце ўжо пару месяцаў. Нібыта гэты медыкамент можна атрымаць бясплатна, а дзяржава прадае яго па вялікіх коштах. Людзям, якія запаўняюць форму на сайце, тэлефануюць з розных нумароў.

«Белсат» не мае дачынення да гэтай рэкламы, а таксама не даваў дазволу выкарыстоўваць вядоўцу і гасцей праграмы «Кожны з нас», якія бралі ўдзел у запісе праграмы, у якасці псеўдаэкспертаў-фармаколагаў.

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны