Берасцейскі актывіст: улады падманам хочуць прадаць гэты надзел, каб скампенсаваць свае страты


Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

У 2019 годзе ў самым цэнтры Берасця пачалі будаваць «Прыбужскі квартал», але працы не закончылі, бо на месцы будаўніцтва знайшлі парэшткі 1214 вязняў берасцейскага гета.

Інвестар згарнуў праект і сышоў, улады паабяцалі паставіць на гэтым месцы мемарыял і зрабіць паркавую зону. Але шуміха сціхла, і ўлады ізноў хочуць пабудаваць на гэтым месцы элітнае жыллё.

14 снежня пройдзе аўкцыён для продажу надзелу пад будаўніцтва і абслугоўванне шматкватэрнага жылога дому ў межах вуліцаў Савецкай, Дзяржынскага, Куйбышава і праспекта Машэрава. Пачатковы кошт – Br 2 724 000. У 2019 годзе старшыня Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук абяцаў, што дамоў на месцы брацкай магілы будаваць не будуць, тут планавалася закласці парк і паставіць мемарыяльны знак. Але праз два з паловай гады планы памяняліся.

«Пачаць будаўніцтва ў гэтым месцы і не праводзіць ніякіх даследаванняў мясцовасці – гэта было злачынства і памылка. Улады не сталі нікога слухаць, хаця гісторыкі папярэджвалі іх, што там можа быць вялізнае пахаванне. Але яны вырашылі па хуткім зарабіць і сур’ёзна «трапілі на грошы», якія цяпер трэба вярнуць. Паводле маёй інфармацыі, гарвыканкам мусіць вярнуць інвестару каля мільёна долараў, такіх грошай у яго няма. Таму трэба хутка правесці аўкцыён і забіць адразу двух зайцоў: зняць з сябе даўгі ды развязаць пытанне з вялікім кавалкам зямлі ў цэнтры гораду, які шмат каму мазоліць вочы. І калі знойдзецца інвестар, які на гэта пойдзе, у будучыні ён нажыве сабе шмат праблемаў. Фактычна ўлады ідуць на падман», – сказаў «Белсату» адзін з берасцейскіх актывістаў.

Нагадаем, што ў канцы 2018 года інвестар пачаў будаваць жыллёвы комплекс «Прыбужскі квартал» – шматкватэрны жылы дом прэміум-класу з убудаванымі памяшканнямі грамадскага прызначэння і паркоўкай. Але не ўлічыў таго факту, што на гэтым месцы было берасцейскае гета, а ў кастрычніку 1942 года на гэтым месцы ў быў «расстрэльны двор». У лютым 2019 года на будоўлі знайшлі першыя косці. Некаторы час улады хавалі знаходку, але інфармацыя трапіла ў незалежныя медыі.

Грамадзянская супольнасць забіла трывогу, праўда выйшла на паверхню. Будоўлю спынілі, і з зямлі дасталі парэшткі 1214 чалавек, якія былі перапахаваныя на Паўночных могілках Берасця.

Цяпер у Беларусі няма незалежных медыяў і грамадзянскай супольнасці, таму ўзнікае пытанне: хто спыніць берасцейскія ўлады гэтым разам?

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў