У Танзаніі ў возера Вікторыя ўпаў пасажырскі самалёт, на борце было 43 чалавекі


У нядзелю, 6 лістапада, у Танзаніі ў возера Вікторыя ўпаў пасажырскі самалёт ATR 42-500 найбуйнейшай у краіне прыватнай авіякампаніі «Precision Air». Пра гэта паведамляе мясцовы тэлеканал «Tanzania Broadcasting Corporation».

Самалёт, які вылецеў з гораду Дар-эс-Салам, спрабаваў прызямліцца ў аэрапорце гораду Букоба на заходнім узбярэжжы возера Вікторыя нягледзячы на ​​штармавое надвор’е і моцны дождж, праз што пілоты страцілі кіраванне.

На месца здарэння была накіравана выратавальная брыгада. «Пілоты, якія знаходзяцца ў затопленым самалёце, падтрымліваюць сувязь з ратавальнікамі», – піша выданне.

На фотаздымках з месца падзення відаць, што самалёт амаль цалкам пагружаны ў ваду, на паверхні застаўся толькі хвост паветранага судна з лагатыпам авіякампаніі «Precision Air».

Паведамляецца, што на борце самалёта знаходзілася 43 чалавекі – 39 пасажыраў і чатыры члены экіпажа. Цяпер удалося выратаваць 26 чалавек. Інфармацыі аб загінулых няма.

Як падкрэсліваюць мясцовыя журналісты, авіялайнерам кіраваў Бурухані Рубага – вопытны пілот з амаль 20-гадовым стажам працы ў кампаніі.

Фота
Смяротная цісканіна ў Сеуле, пратэсты ў Бразіліі і вялікія белыя пеліканы. Падзеі свету за тыдзень, якія вы маглі прапусціць
2022.11.06 13:29

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў