Прарыў у гандлі? Улады Беларусі чакаюць росту экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі на 22–24 %


Віцэ-прэм’ер Беларусі Леанід Заяц распавёў 6 лістапада пра значны рост экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі: толькі за верасень прырост на 800 млн долараў. Адкуль такі прырост, ён не сказаў. Мо ад экспарту ў Расею, а мо ў краіны, якія не кожны беларус знойдзе на мапе.

Леанід Заяц на ААТ «Беларускі цэментны завод». Касцюковічы, Беларусь. 1 сакавіка 2021 года.
Фота: golk.by

Паводле Леаніда Зайца, за 2022 год экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі можа дасягнуць 8,2–8,3 млрд долараў. Гэта значыць рост на больш як 22 % да мінулага года, у якім сельскагаспадарчай прадукцыі экспартавалі на 6,7 млрд долараў. У 2020 годзе яе экспарт складаў 5,7 млрд, а ў 2019-м – 5,5 млрд долараў.

Адкуль прырост, невядома. Ураджаі сёлета някепскія, але не рэкордавыя, а Беларусь у лютым страціла важнага гандлёвага партнёра – Украіну.

Аналітыка
Добрыя надоі, і рапс урадзіў. Глядзім, што са зборам ураджаю ў Беларусі, за які так баяўся Лукашэнка
2022.10.28 16:50

Летась прырост экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі адбыўся за кошт як Расеі і блізкага замежжа, так і за кошт дальняй дугі: краінаў Азіі і Акіяніі, Еўразвязу, Амерыкі і Карыбскага басейну. Новымі краінамі для экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі летась сталіся Камбоджа, Кувейт, Буркіна-Фасо, Гамбія, Замбія, Конга, Антыгуа, Андора, Ісландыя, Сан-Марына і Славенія. Ды амаль 72 % экспарту сельскагаспадарчых тавараў прыпадалі на Расею, а толькі 16 % – на далёкае замежжа.

Галоўным гандлёвым партнёрам Беларусі агулам застаецца Расея, экспарт тавараў у яе адну роўны экспарту тавараў ува ўсе разам узятыя краіны акрамя СНД і Украіны. Аднак на другім месцы ў экспарце раней была Украіна, гандаль з якой амаль спыніўся праз вайну, а следам – шмат краінаў, якія ўвялі санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Гэтак, летась у Расею экспартавалі тавараў на 16 млрд долараў, ва Украіну – на 5,4 млрд, у Нідэрланды – на 2,2 млрд, у Польшчу – на 2,1 млрд, у Нямеччыну – на 1,7 млрд, у Літву – на 1,4 млрд, а ў Казахстан і ў Кітай – на 0,9 млрд.

А летам міністр сельскай гаспадаркі хваліўся, што экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі ў Заходнюю Еўропу вырас на палову за першыя чатыры месяцы года, нягледзячы на санкцыі.

Hавiны
Лукашэнку прапанавалі яшчэ адзін шлях для экспартных грузаў – праз Растоў
2022.11.03 16:54

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў