Польшча, Чэхія, Славаччына і Вугоршчына зладзілі буйныя вайсковыя вучэнні блізу мяжы з Украінай


Вучэнні Вышаградскай групы «Puma-22» пачаліся 4 лістапада і будуць працягвацца да 9-га. На вучэннях абапіраюцца на досвед і ўрокі вайны ва Украіне, расказвае «Polska Agencja Prasowa».

Вайскоўцы на вучэннях «Puma-22». Нова Дэмба, Польшча. 6 лістапада 2022 года.
Фота: 18 Dywizja Zmechanizowana / Twitter

«Puma-22» – найбуйнейшыя манеўры краінаў Вышаградскай групы ў гэтым годзе. Яны праходзяць на палігоне ў Новай Дэмбе, што блізу Жэшава, за 110 км ад мяжы з Украінай.

У вучэннях бяруць удзел каля 2000 вайскоўцаў (у тым ліку саюзнікі са Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі, якія ўжо знаходзіліся ў Падкарпацці) і каля 300 адзінак тэхнікі. Паралельна з гэтымі вучэннямі ладзяцца тры камандна-штабныя: «System–22», «Gepard–22» i «San–22».

Мэтай вучэнняў называюць падвышэнне «інтэраперацыйнасці» войскаў – праверку здольнасці да планавання і арганізацыі дзеянняў супольна з саюзнікамі. Сёлетнія вучэнні адрозніваюцца ад ранейшых, бо ўлічваюць досвед вайны ва Украіне.

Сцэнары вучэнняў уключаюць манеўраную абарону, фарсаванне ракі, ліквідацыю хімічнага заражэння, выклік артылерыйскага агню і інтэграванае вядзенне агню, медычную эвакуацыю. Страляць маюць польскія танкі «Леапард», брытанскія «Чэленджэр» і чэшскія Т-72.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў