«Энергетык-БДУ» захаваў шанцы на перамогу ў футбольным чэмпіянаце Беларусі за тур да канца


За тур да заканчэння чэмпіянату Беларусі па футболе менскі «Энергетык – БДУ» забяспечыў сабе як мінімум сярэбраныя медалі турніру. Прычынаю такога ўзлёту спецыялісты называюць рэзкае падзенне ўзроўню чэмпіянату і цяпер здзівіць можа хто заўгодна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бабур Абдухалікаў (у цэнтры) у складзе «Энергетыка-БДУ» на матчы супраць ФК «Менск». Менск, Беларусь. 2 кастрычніка 2022 года.
Фота: ФК «Энергетик-БГУ» Минск / VK

Чэмпіёнская інтрыга магла б памерці ўжо сёння, 6 лістапада, калі б «студэнты» не выйгралі ў Гомлі.

Салігорскі «Шахцёр» перамог у Слуцку з лікам 1:0 і чакаў добрых навін з поўдня краіны, дзе менчукі гулялі ўнічыю з «Гомлем», але за пятнаццаць хвілін да канца гульні забіў лепшы бамбардзір чэмпіянату Беларусі Бабур Абдухалікаў. Гэты быў 26-ы гол узбека ў чэмпіянаце і ён прынёс «Энергетыку» перамогу – 2:1.

Такім чынам, трэцяе запар чэмпіёнства Салігорску адкладзена мінімум на тыдзень. Але і «Энергетык» не апусціцца ніжэй за другое месца і ўпершыню ў сваёй гісторыі заваяваў медалі і выхад у еўракубкі (калі, вядома, Беларусь не трапіць пад міжнародны бан).

Hавiны
Беларусь пакуль пакінулі ў еўрапейскай футбольнай сям’і. А што будзе далей?
2022.10.01 10:00

Цяпер прэтэндэнтаў на тытул аддзяляюць два пункты, на столькі дзейсны чэмпіён апярэджвае сталічны клуб.

У заключным матчы 12 лістапада «Шахцёр» згуляе ў Салігорску з «Белшынай», якая ў турнірным плане ні ў чым не мае патрэбы. А «Энергетык» чакае дэрбі з менскім «Дынама». Толькі перамога «Энергетыка» і параза «Шахцёра» не зробяць апошніх чэмпіёнамі.

У выпадку паразы міліцэйскі клуб, які знаходзіцца пад патранатам міністра спорту Сяргея Кавальчука, можа застацца без медалёў. Ды Аляксандр Лукашнэнка, калі адкрываў пасля рамонту стадыён «Дынама-Юні», загадваў: «У 2022 годзу вы павінны быць чэмпіёнамі. Вы павінны страсянуць увесь футбол, вось на што я разлічваю».

Фішка «Энергетыкаў» – проста браць маладых і невядомых футбалістаў, рабіць з іх зорак і прадаваць за мяжу. У клубе, паводле звестак «Белсату», жорсткая дысцыпліна, як у войску, гульцам плацяць мінімальны заробак ад 100 да 600 рублёў. Напрыклад, у клубе забаронена насіць бараду, гульцы павінны быць гладка паголенымі.

У апошнія гады менскі клуб прывозіў гульцоў з Узбекістану. Але самым вядомым гульцом клубу стаў Ілля Шкурын, які ў 2019 годзе быў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Беларусі, а потым з’ехаў у маскоўскі ЦСКА і крыху пазней – ва Украіну, у кіеўскае «Дынама». У 2020 годзе Ілля адмовіўся выступаць за зборную Беларусі, пакуль у краіне будзе існаваць дыктатарскі рэжым, і не змяніў сваю пазіцыю да сёння.

Hавiны
Арбітр знепрытомнеў падчас гульні чэмпіянату Беларусі па футболе
2022.10.16 12:08

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў