Аб’яднаная грамадзянская партыя перавыбрала старшынём зняволенага Мікалая Казлова


XXI з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі прайшоў 6 лістапада ў Менску. Апазіцыйная партыя выбрала новы склад палітычнай рады і Нацыянальнага камітэту, перавыбрала палітвязня Мікалая Казлова на пасаду старшыні.

Мікалай Казлоў.
Фота: Объединенная Гражданская Партия / Facebook

Мікалай Казлоў узначальвае партыю з 24 верасня 2018 ода, да таго два гады быў намеснікам старшыні. У канцы лета 2021 года быў асуджаны на тры месяцы арышту за «разгалошванне звестак» крымінальнай справы супраць Каардынацыйнай рады, цалкам адбыў тэрмін. 27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі за «ўдзел у масавых беспарадках» – мірных пратэстах 2020 года.

3 лістапада 2022 года яго асудзілі на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму. На тым жа судзе лідарку менскай арганізацыі партыі Аксану Аляксееву асудзілі на паўтара гады калоніі, юрыстку Антаніну Кавалёву – на 1 год. З чэрвеня 2020 года ў няволі таксама намеснік старшыні АГП Аляксандр Кабанаў. Усе прызнаныя палітвязнямі. Агулам у няволі 13 чальцоў партыі.

Былы старшыня АГП Анатоль Лябедзька пісаў у вітанні з’езду партыі, што, нягледзячы на рэпрэсіі, аднадумцы «прынялі выклік рэжыму», правялі ва ўсіх рэгіёнах справаздачны-выбарчыя канферэнцыі і вызначылі дэлегатаў.

З’езд 6 лістапада прыняў рэзалюцыю, у якой:

  • заклікае ўлады краіны адмовіцца ад рэпрэсіяў супраць грамадзянаў Беларусі, якія нязгодныя з палітыкай уладаў, якія выступаюць за правядзенне ў Беларусі сумленных і свабодных выбараў, якія выступаюць супраць вайны;
  • прапануе ўзяць прыклад з Казахстану і вызваліць усіх без выключэння грамадзянаў Беларусі, затрыманых або асуджаных з палітычных матываў;
  • заклікае міжнародную супольнасць дамагацца вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсіяў у Беларусі;
  • заклікае спыніць саўдзел Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны.

Аб’яднаная грамадзянская партыя была створаная ў 1995 годзе праз аб’яднанне Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, заснаванай у 1990-м, і Грамадзянскай партыі, заснаванай у 1994-м. Першым старшынём партыі выбралі экс-кіраўніка Нацыянальнага барку Станіслава Багданкевіча. Да партыі далучыліся першы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір, міністр унутраных справаў Юрый Захаранка, эканаміст Леў Марголін, тэлевядоўца Зінаіда Бандарэнка і кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі і іншыя.

Партыя мела фракцыю ў 22 дэпутаты ў разагнаным Аляксандрам Лукашэнкам Вярхоўным савеце Беларусі XIII склікання, выстаўляла кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года Яраслава Раманчука.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў