Супраць затрыманага з-за пашпарту з «Пагоняй» менчука распачалі крымінальную справу


Супраць удзельніка пратэстаў 2020 году распачалі крымінальную справу паводле ч.1 арт.328 («Незаконны абарот наркатычных сродкаў») Крымінальнага кодэкса. Пра гэта паведамляе сайт Следчага камітэту.

Паводле СК, 23-гадовы мянчук, які працуе пекарам, 14 кастрычніка прыйшоў на «Менск-Арэну» на матч КХЛ. Падчас правядзення асабістага агляду заўзятараў міліцыя ўбачыла, што на вокладцы пашпарту хлопца «размешчана незарэгістраваная ў Беларусі сімволіка». Малады чалавек быў затрыманы і дастаўлены ў Цэнтральнае РУУС, дзе пры правядзенні асабістага вобшуку ў яго нібыта было знойдзена 0,15 грамаў гашышу.

У СК дадаюць, што падчас следства высветлілася, што ён удзельнічаў у пратэстах у жніўні і верасні 2020 года, а таксама быў падпісчыкам «экстрэмісцкіх» Telegram-каналаў.

СК не ўказвае прозвішча хлопца. Але інфармацыя аб яго затрыманні і ўзрост супадаюць з Уладзіславам Фёдаравым, якога затрымалі 14 кастрычніка падчас агляду рэчаў перад уваходам на стадыён «Менск-Арэна» на хакейны матч «Дынама-Менск – Спартак». На наступны дзень суд Цэнтральнага раёну Менску арыштаваў яго на 15 содняў па пратаколе аб непадпарадкаванні міліцыянеру (артыкул 24.3 КаАП), адзначае «Медиазона».

РР belsat.eu

 

 

Стужка навінаў