Расейскія навукоўцы падпісаліся за вызваленне палітвязня Арцёма Баярскага


Расейскія навукоўцы падпісалі адкрыты ліст да генпракурора Беларусі Андрэя Шведа і старшыні Менскага гарадскога суду Таццяны Тупік.

Навукоўцы заклікаюць вызваліць Арцёма Баярскага з-пад варты. Зварот падпісалі 47 прадстаўнікоў Расейскай акадэміі навук.

«Маладыя навукоўцы – будучыня навукі і будучыня дзяржавы. Мы заклікаем пракуратуру і суд да справядлівага і непрадузятага вядзення справы. Мы просім суд вызваліць Арцёма Баярскага з-пад варты. Мы працягваем уважліва сачыць за развіццём справы Арцёма Баярскага», – адзначаецца ў тэксце звароту.

Арцём Баярскі – 19-гадовы студэнт хімфаку БДУ, якога вінавацяць ў адміністраванні тэлеграм-каналу «Мая краіна Беларусь» і ягонага чату. Каб атрымаць відэа з прызнаннем для тэлеграм-каналу Азаронка, студэнта збілі. Арцёму выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання») Крымінальнага кодэксу. Праваабаронцы прызналі хлопца палітвязнем.

Чатыры разы Арцём быў стыпендыятам Спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, адораных студэнтаў і навучэнцаў. Пасля выбараў у жніўні 2020 году хлопец падпісаў адкрыты ліст аб адмове ад гэтага статусу ў знак пратэсту.

Гісторыі
«Ён не хацеў стаць другім Ромам Бандарэнкам». Хто такі Арцём Баярскі – стыпендыят фонду Лукашэнкі, якога абвінавацілі ў экстрэмізме
2021.05.15 14:15

РР belsat.eu

Стужка навінаў